Рашэнне Еўрапейскага Звяза паступова павялічваць тарыфы на ўгнаенні з Расеі і Беларусі прывядзе таксама да падвышэння цэн на ўгнаенні, якія вырабляюцца ў Польшчы. Пра гэта ў эфіры «Польскага радыё ў Беластоку» казаў віцэ-прэзідэнт Падляшскай сельскагаспадарчай палаты Марэк Сініла.

Паводле яго, гэта добрае рашэнне, але на практыцы яно прывядзе да павелічэння выдаткаў для фермераў. Гэта, безумоўна, адчуюць фермеры, якія актыўна апрацоўваюць зямлю, асабліва тыя, у каго глебы горшыя, — адзначыў віцэ-прэзідэнт. Ён лічыць, што варта ўвесці субсідыі на куплю штучных угнаенняў.
Новыя правілы адносна ўгнаенняў, імпартаваных з Расеі і Беларусі, будуць дзейнічаць з ліпеня. Іх поўная рэалізацыя павінна заняць тры гады і дапамагчы вытворцам ЕС, у тым ліку польскім, канкураваць з вытворцамі з усходу, якія прапануюць больш танную прадукцыю.






