
Падляшскія прадпрымальнікі заклікаюць выйсці на акцыю пратэсту супраць закрытых памежных пераходаў з Беларуссю. Яны кажуць, што ўсё больш адчуваюць наступствы гэтага рашэння. Для іх гэта незразумела, бо мяжа ў Люблінскім ваяводстве застаецца адкрытай. Каб гучна сказаць «не» такой палітыцы, яны хочуць сабрацца ў бліжэйшую суботу – 29 сакавіка – і а 16-й гадзіне распачаць шэсце па цэнтры Беластоку.
– Заклікаем усіх, каму неабыякавы лёс Падляшша і хто звязвае сваю будучыню з гэтым рэгіёнам, прыняць удзел у акцыі пратэсту супраць пасіўнасці падляшскіх уладаў – анансуюць арганізатары.
Гэта будзе маўклівае шэсце ў сімвалічнай пахавальнай працэсіі ад пляца Касцюшкі праз вуліцу Сянкевіча, алею Пілсудскага і пляц Яна Паўла ІІ назад да галоўнай плошчы горада.






