“Гісторыя беларускіх рэчаў” – рубрыка на Радыё Рацыя, у якой журналістка Марына Савіцкая сустракаецца з беларускімі майстрамі: рамеснікамі, дызайнерамі, мастакамі… – тымі, хто захоўвае нашую культуру візуальна.
Госцяй праекту стала Паліна Нітчанка – стваральніца прысмакаў, музыка, актрыса.

“Жах як хочацца кошычкаў з бялковым крэмам!”
Апошнім часам я сканцэнтравалася на крэмавых прысмаках: гатую зефіры, бязэ і г.д. Планую развівацца ў гэтым накірунку. Хачу навучыцца рабіць пачастункі ў выглядзе розных кветках (а не толькі як ружу, як цяпер). Хачу складаць разнастайныя салодкія букеты.
У планах таксама пачаць выпякаць пернікі і распісваць іх. Буду спрабаваць сябе ў тортах і іх дэкарацыі. У перспектыве, канешне, добра было б пераўтварыць усё ў бізнэс і заробак. Але пакуль я трактую гэта як свае хобі, якое можна трошкі манетызаваць.

Маё захапленне пачалося… з настальгіі. Быў такі момант, калі ты сядзіш, займаешся сваімі рэчамі і – бац! – у тваёй галаве ўжо :”Жах як хочацца кошычкаў з бялковым крэмам, якія купляла ва ўніверсаме ў родным горадзе!”. А дзе іх ўзяць у Польшчы? Толькі зрабіць самой. З гэтага моманту ўсё і закруцілася. Параілася з маці. Яна знайшла для мяне бескаштоўныя майстар-класы ад фонду “Дар лёсу”. Там мне ўсё спадабалася, і я стала сама рабіць зефір дома.

Нядаўна са сваімі вырабамі я ўдзельнічала ў Купальскім фэсце. Такая ідэя нарадзілася выпадкова. Я проста прынесла свой зефір пачаставаць актораў у тэатральнай студыі, якая была арганізатарам імпрэзы. Там я атрымала добрыя водгукі і падумала: “А чаму б і не паспрабаваць?” Прапанавала такі варыянт стваральнікам свята – і мяне падтрымалі!
Шчыра кажучы, спачатку я нават не ўяўляла, як мой зефір павінен выглядаць. Ведала толькі, што патрэбныя будуць кветкі і лісце. А далей ужо само завярцелася.

“Я – асоба творчая”
Наогул з кіраўніцай студыі “Купалінка” Наталляй Локіць я пазнаёмілася ў жніўні 2022-га, калі прыехала ў Польшчу. Я жыла ў яе, таму што яна – сяброўка маёй маці. Пазнаёміліся, пагутарылі. Яна пабачыла, што я – асоба творчая, і “запрасіла” мяне ў студыю рыхтаваць спектакль. У двукоссі – таму што фармальна мяне ніхто не пытаў, ці хачу я, ці буду. Гэта было само сабой зразумела.
Першай маёй ролю была Смерць. Мы ставілі спектакль на Раство Хрыстова, з адпаведнай тэматыкай. Ірад, Марыя, Чорт і Смерць с касой – усё па батлейкавых канонах. Далей мы ставілі спектакль “На Вальніцы” па творы Някляева “Гэй Бэн Гіном”. Там я ўжо была Вядзьмаркай. Потым “Мой шлях” – аўтарскі праект на базе уласных гісторый. А зараз мы рыхтуем яшчэ адзін спектакль, але не буду казаць які – няхай гэта будзе наш невялікі сакрэт.

Я скончыла музычную школу, грала на скрыпцы і спявала ў абразцовым хоры. Мой бацька працаваў выкладчыкам у дзіцячай школе мастацтва, то бок яблык ад яблыні…
Першыя песні пачала спрабаваць пісаць на дыстанцыёнцы, у кавідныя часы. Гэта былі такія камедыйныя песні, я ўкладала ў іх свае студэнцкія перажыванні. Далей пазнаёмілася з хлопцам, у якога была гітара. Захацелася навучыцца і стала спрабаваць пісаць. Але спачатку нічога не атрымлівалася. Потым пераехала ў Польшчу, купіла сабе гітару – і справа пайшла. Агулам зараз маю каля 12 падрыхтаваных песень. Пакуль дакладна не ведаю, як іх запісаць, але ўжо вяду перамовы на гэты конт.
Як музыка я выступаю пад псеўданімам Polyn. Тут – доўгая гісторыя. Яшчэ будучы падлеткам, я пісала вершы (на рускай мове), і была ў мяне такая маленькая мара, што буду я паэткай. Нават удзельнічала ў конкурсе ад расейскага выдавецтва, і яны ўзялі мае творы ў нейкі зборнік. Ужо тады і паўстала пытанне з псеўданімам. Узяла Polyn. Таму што падобнае на маё імя, ды і ёсць штосьці ў нас з гэтай раслінай агульнае: моцныя стрыжань-сцябло і такія ж карані.
“Галоўнае – не апускаць рукі”
Маім самым значным дасягненнем лічу тое, што ўладкавалася тут, у Польшчы, стала на ногі: маю стабільную афіцыйную працу з магчымасцю водпуску, валодаю польскай мовы на дастатковым узроўні каб запісацца да лекара і вырашыць справы ва ўжондзе ці дзе-небудзь. Тое, што планую зараз атрыманне вышэйшай адукацыі, і гэта ўжо мэта, а не проста думкі. У эмігранцкім жыцці вялікая колькасць рэчаў даецца табе нашмат складаней, чым на радзіме. І гэта нармалёва. Галоўнае – не апускаць рукі і рабіць тое, што трэба, але з разуменнем, што вашыя крокі будуць болей павольнымі і не цурацца гэтага.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя






