BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Паломніцтва ў 100-годдзе

Так як для католікаў Чанстахова і Ясная Гара, так для праваслаўных Грабарка і Святая Гара. Месяц жнівень – гэта час праваслаўных пешых паломніцтваў на Свята Прэабражэння Гасподняга на Святую Гару Грабарку, што непадалёк Сямятычаў на Падляшшы. Галоўныя рэлігійныя ўрачыстасці на Свята Спаса (бо так у народзе называюць Прэабражэнне Гасподняе) пройдуць 18 і 19 жніўня.

Сёлета яны асабліва важныя, бо спалучаныя з юбілеем 100-годдзя аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Польшчы.

Польская Аўтокефальная Праваслаўная Царква, бо такі яе афіцыйны назоў, гэта незалежная ад іншых праваслаўных цэркваў, царкоўная структура з сінодам, епархіямі, прыходамі, манастырамі і вернікамі. ПАПЦ займае 13-е месца па чарзе важнасці Патрыярхатаў і Аўтакефальных цэркваў у свеце, за Албанскай і перад Праваслаўнай Царквой Чэхіі і Славакіі. Далей меншыя цэрквы, якія маюць статус аўтаномнасці, як хаця бы Праваслаўная Аўтаномная Царква Фінляндыі, а далей ў чарзе сусветных цэркваў ідуць Царкоўныя Экзархаты, яны ўжо незалежныя ў малой ступені. Як для прыкладу Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхата.

Сёлета ПАПЦ адзначае 100 -ўгодкі аўтакефаліі. Значыць атрымання «Томасу» ад Канстанцінопальскага Патрыярхату. Аднак тадышнюю аўтакефалію многія гісторыкі царквы лічылі няпоўнай. Маўляў, не кананічнай. Бо не быў споўнены адзін з кананічных прынцыпаў яе атрымання.

Не было згоды Маці Царквы. То бок царквы ад якой адлучалася яе «польская» частка.

Такая згода была атрыманая толькі ў 1948 годзе.

Сёлета як першыя на Свята Прэабражэння Господняга на Грабарку падаліся (12.08) паломнікі з Саколкі. Група каля 60 вернікаў, да якой па дарозе будуць далучацца іншыя ўдзельнікі рэлігійнага вандравання. Сакольскае паломніцтва мае перад сабою 155 кіламетраў і некалькі цікавых вёсак і мястэчак Падляшша, між іншым манастыры ў Супраслі і Саках. Сакальчане вандруюць сёлета 33-і ўжо раз і на Грабарцы будуць пад вечар 17 жніўня.

Быў час, калі да паломніцтваў на Грабарку далучаліся вернікі з Беларусі.

Менавіта найчасцей да паломніцтва з Саколкі.

У чарговыя дні рушаць у дарогу паломніцтвы з Яблэчна (мужчынскі манастыр святога Ануфрыя, што на поўдні Падляшша ў Люблінскім ваяводстве) ды з Варшавы, а дакладней паломніцтва гэтае стартуе з Валоміна.

Самае шматлюднае паломніцтва рушыць з Беластока зранку 14 жніўня, пасля малебен у царкве прарока Іліі на беластоцкіх Дайлідах.

Нашмат карацейшымі па колькасці кіламетраў заўсёды былі паломніцтвы на Свята Спаса з Бельска Падляшскага і Гайнаўкі.

Але даволі шматлюднымі яны аказваліся. Сёлета жыхары Бельску і Гайнаўкі пачынаюць 15 жніўня свае рэлігійныя вандроўкі на Спаса.

А да таго былі і вернікі, якія ішлі на свята індывідуальна, або ехалі на роварах, або на аўтобусах (гэта з аддаленых епархій і прыходаў).

Апошняе, напярэдадні свята, дарэчы, аднадзённае паломніцтва на Грабарку заўсёды арганізуецца з непадалёкіх Сямятычаў з мясцовых прыходаў.

Таксама з Сямятыч, і гэта ўжо традыцыя, рушыць паломніцтва салдатаў Польскага Войска і іншых службаў у мундзірах. Яе арганізатарам ёсць Праваслаўны Ардынарыят Польскага Войска.

Таксама з Сямятычаў, але дзень раней, бо 17 жніўня рушыць паломніцтва вернікаў ПАПЦ з прыходаў у Бельгіі. Так, менавіта з ваколіц Сямятычаў, хаця цяпер не толькі, многа праваслаўных жыве і працуе ў Бельгіі, як часовыя, або і пастаянныя эмігранты. Аб гэтым можна пераканацца, слухаючы Падляшскі Канцэрт Пажаданняў, дзе шмат званкоў і допісаў гучыць ад беларусаў з Заходняй Еўропы, у тым ліку Бельгіі: «Ад унукаў Жан-П’ера і Джанэт для бабулі Веры і дзядулі Валодзі».

У гадах рэлігійнага ўздыму, асабліва ў 90-ыя гады мінулага стагоддзя, на Грабарку паломнічала да 3000 вернікаў. Крыху раней, бо ў 80-ыя гады ХХ стагоддзя наступіла змена сродка транспарту на Свята Спаса.

Большасць вернікаў да таго часу ехала на цягніку і на фурманках-вазах канём. З гадамі штораз больш на машынах і аўтобусах. У наваколлі мясцовыя «на хаду» арганізуюць паркоўкі для для машын (за аплату, а як жа). І ў наваколлі адныя прыязджаюць, іншыя ўжо пакідаюць Грабарку, а наўкола машыны, страганы (шапікі), крыжы і вернікі.

Некалькі разоў лік усіх вернікаў, якія наведалі Свята Прэабражэння Гасподняга дасягнуў 50-60 тысяч, а раз, у 1990 годзе, нават 100 тысяч.

Тады, акурат месяц перад урачыстасцямі На Спаса, злая, варожая рука падпаліла Царкву Прэабражэння Гасподняга на Святой Гары Грабарцы. Памятаю гэтае здарэнне і яго паслядоўнасці. Царква хутка была адбудавана. Такой, якой была перад пажарам. А мой удзел у тых трагічных падзеяў быў і такі, што разам з творчым экіпажам Радыё Беласток, запісалі мы рэпартаж пра гэта «Прычта пра Святую Гару». Рэпартаж прадстаўляў радыёвяшчанне Польшчу на сусветным прэстыжным конкурсе для радыёперадач «PRIX ITALIA”

Святая Гара Грабарка з малой царкоўкай і заснаваным у 1947 годзе манастыром лічыцца самым важным свяцілішчам праваслаўных у Польшчы. Пасля адыходу да Савецкіх Рэспулік санктуарыяў у Пачаеве (цяпер Украіна) і Жыровічах (цяпер Беларусь) ад 1945 года не было ў новых межах Польшчы так значных праваслаўных Санктуарыяў. Аднак пачаткі манастыра і паломніцтва на Грабарку – гэта больш за тры стагоддзі, бо ў летапісе згадваецца 1710 год. Тады ў наваколлі панавала зараза халеры, пандэмія, падчас якой многія паміралі (нешта накшталт нядаўняй пандэміі ковіда). Адзін з мясцовых жыхароў у «сонным прывідзе» пачуў голас, што тыя, якія пойдуць на Грабарку і нап’юцца вады з непадалёкай крынічкі, будуць збаўлены і выратуюцца ад хваробы. Калі гэта адбылося і людзі, што прыйшлі на Грабарку ацалелі, на горцы, ля крыніцы пабудавалі каплічку, пазней царкву.

З тае пары існуе звычай заносіць і ўстаўляць «ватыўныя» (крыжы ў падзяку) крыжы на ўзгорку. Сярод дрэў, зараз іх сотні і тысячы.

Кожны з паломнікаў нясе свой крыж, і малітву, таксама і сёлета на Грабарку. Крыжы ўстаўляе большыя і група паломнікаў, ці цэлае паломніцтва з нейкай асабістай або агульнай мэтай.

Сёлета такой агульнаправаслаўнай мэтай будзе урачыстая літургія і пасля яе ўстаўленне 100 крыжоў на 100-годдзе Аўтакефальнай Царквы ў Польшчы. Як «вотум», доказ удзячнасці Богу ад вернікаў Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, здымкі з cайта isokolka