Міхал Андрасюк і Андрэй Байгуз
Час рассакрэціць нашым чытачам дзеі і надзеі слова, музыкі, вобразу, што выткаліся зачараванымі ніткамі і колерамі перад гледачамі і слухачамі фестывалю «Podlasie. SLOW FEST» у Нараўцы, які цягам пятніцы і суботы 12-13 ліпеня памаленьку даехаў і даплыў аднайменнай ракой да гміннага цэнтра, што ў Гайнаўскім павеце. Так назавем гэта ў адміністрацыйным плане. У яго духоўным разуменні моц свету, культурнага духу загасцявала ў звыш тысячагадовым каралеўстве Белавежскай пушчы, у якой у бязлітасным змаганні, але і неабходным адвечным сімбіёзе знітаваныя лёсы ўсіх жыхароў яе свету — свету лесу, флоры, фаўны, таго зямельнага і падзямельнага, з усім багаццем звярына-птушынага перабору, які ў саперніцтве з чалавечым асадніцтвам і ягоным амбіцыёзным зямным уладараннем над моцай гэтага мацерыка, выносіць сабою перамогі і паразы. Тое ж самае і з чалавечай дзейнасцю. Гэта ў такіх месцах сакральнае і трансцэндэнтнае яшчэ ў жывых і дае творчыя зарады і сілу жыцця тым, хто яшчэ ўмее цярпліва слухаць, назіраць, удумвацца ў бачныя і нябачныя лёсы і гісторыі……
У дарозе — пад нябеснай апекай Пятра і Паўла
Па народным і царкоўным календары, які на шчасце яшчэ не стаў чужым мясцовым «падляшам і ліцьвінам», значыць карэнным абарыгенам гэтай прасторы, 12 ліпеня асацыюецца са святам Пятра і Паўла, што шырока паважаецца і адзначаецца на Падляшскай зямлі. І, здаецца, па традыцыі, як помню, гэты дзень амаль на сто адсотак надзелены сонечнымі прамянямі летняй спёкі. Рэдкія выняткі толькі пацвярджаюць правілы Божага парадку ў гэты дзень. Не інакш і выпала ў гэтым годзе, калі ў святочную пятніцу, калі санлівая спёка стаяла на двары, у якой быццам у расказе Міхала Андрасюка нат санлівы, гайнаўскі верабейка бабахне проста з галінкі, выбраліся мы з Беластока ў Нараўку на сустрэчу менавіта са згаданым перад хвілінай майстрам літаратурнага слова на беларускай і польскай мовах. Дарога наша вяла і праз Старое Ляўкова, распаложанае перад самой Нараўкай, дзе ад вякоў знаходзіцца праваслаўная царква і прыход у гонар згаданых святых. Таму пятнічны вечар для жыхароў парафіі абазначаў святочныя выклікі пры сямейным застоллі ў родным старонні. У тым жа часе з другога боку пушчы са сваёй роднай Войнаўкі, што ў гміне Дубічы-Царкоўныя накіроўваўся ў бок Нараўкі са сваёй жонкай Галінай і Міхал Андрасюк — герой апавешчанай сустрэчы. Менавіта гэтага дня таксама і парафіяльная царква ў Дубічах, як штогод, на ўвесь прыход слаўна адзначае свята ў гонар першых евангелістаў, так важных у жыцці паслядоўнікаў Хрыстовых навук. Паколькі нашы мамы, мая і Мішына, мелі дачыненне да гэтай парафіі, то натуральным, сямейным чынам не адзін, ці два разы ставіліся ў тых жа вёсках нашы ногі і на святочных гасцінах,і на фэстава-танцавальных забавах той так яшчэ кароткай, ліпеньскай ноччу. У мяне потым і мая братавая аказалася з саміх жа Дубіч, дык жа дзясяткамі гадоў Пятра і Паўла было для мне амаль так сама важнае, як наша з Мішам Спленне 28 жніўня ў парафіі ў Вярстоку. Для ўсіх пушчанскіх дзікоў расказы і супольная сямейная повязь духу і цела, Божага і зямнога — у такім жа самім спляценні і знітаванні лёсу, як са штодзённай прыродай вакол нас — з уладаранннем лясной магутнасці. Такая прычасць дня штодзённага.
Кампанія, у якой выпала мне падарожнічаць у адзін і другі бок, склалася як бы па спецыяльным жаданні і святочным падарунку ад не абы-каго — ад саміх нябесных заступнікаў Пятра і Паўла. Нашым шафёрам і адначасна фестывальным завадатарам быў Анатоль Вап, пра якога фестывальныя ідэі і сямейны радавод пісаў я ў папярэднім адрэзку. Побач сябе на задняй канапе машыны безупынны дыялог пра Андрасюковую літаратуру завялі Марцін Рэмбач і Андрэй Байгуз. Пра асобу і літаратурны склад духу Марціна ўзгадваю шырэй у ніжэй прыведзеным абзацы.
Андрэй Байгуз — аматар Падляшша, балотнага футбола і семачак
А згаданы Андрэй Байгуз — гэта з 2001 года супрацоўнік і затым журналіст культурна-музычна-літаратурных перадач Беластоцкага радыё, які зараз сваімі ініцыятывамі і прамоцыяй ўсяго таго, што ў гэтым плане з’яўляецца адметнасцю і якасцю падляшскай, культурнай прасторы, вядомы не толькі ў нашым ваяводстве. Нічога затым дзіўнага, што і беларуская музыка Падляшша, яе стваральнікі, як і майстры нашага літаратурнага слова таксама вядомыя Андрэю. Менавіта ў эфіры Беластоцкага радыё гадамі прасоўваў ён фестываль «Басовішча», яго ўдзельнікаў і арганізатараў. Нічога затым дзіўнага, што памаленьку распытаўся я ў яго самога пра сямейны радавод. Аказалася, што ягоная мама родам з Рыбалаў, блізка Заблудава, а тата з Паўночнага Вострава, што бліжэй Крынак. І менавіта ў дзень святых Пятра і Паўла, а як жа інакш, паехалі яны святкаваць у мясцовасць… Паўлы, што ў Рыбалаўскім прыходзе. Іначай як метафізікай падзей такога кшталту не растлумачыш.
Мурал з бабуляй Жэняй
Ёсць адна справа, дзякуючы якой Андрэй Байгуз расславіў нас, падляшскіх, адвечных старажылаў не толькі на Польшчу, Еўропу, але ўвесь свет. А ўсё па прычыне аграмаднага мураля ў Беластоку па вуліцы Марыі Кюры-Складоўскай, на найважнейшым і высачэзным будынку Маршалкоўскай управы ў Беластоку, у якім уладарыць сам маршалак. На ім размешчана выява ягонай бабулі Жэні (babci Eugenii), якая нагадвае ўсім, каб выслаць адкрытку бабулі і… дзядулі (Wyślij pocztówkę dla Babci. I Dziadka). Добразычлівая жанчына, апранутая як нашы вясковыя мамы і бабулі, у квяцістай хустцы і світары з узорамі, глядзіць на свет праз пальцы далоні, быццам гаворачы свайму ўнуку Андрэю: «Ой, не рабі мне гэтае фота. Я ўжо старая і каму ж то патрэбнае». Як перад вачыма стаіць мне зараз мая памерлая мама з такім менавіта жэстам і словамі, якія заўсёды паўтарала, калі яе фоткалі.
І менавіта Андрэй Байгуз быў тым журналістам, якому ў Мастацкай галерэі імя Тамары Саланевіч у рамках фестывалю выпала роля павесці сустрэчу-размову з Міхалам Андрасюком, ягонымі чытачамі і гасцямі той нараўчанскай падзеі. А справа тут важная і не з апошніх на нашай культурнай ніве. У снежні гэтага года Міхал Андрасюк будзе адзначаць юбілей — 65-годдзе сваёй зямной вандроўкі. Пры нагодзе ад імя ўсіх чытачоў віншуем з такой знакамітай гадавінай выдатнага нашага літаратара — пушчанскі скарб у літаратурным куфры нацыі. Менавіта зараз у Нараўцы мы маглі паслухаць размову пра фоны і тонкасці літаратурных эмоцый, а затым інспірацый Андрасюковых персанажаў і іхніх гісторый. Вядоўца быў выдатна падрыхтаваны і дапытліва трымаўся сваіх адчытаных кодаў апавяданняў, якія парадуюць напэўна і нас, чытачоў.
Літаратурна-перакладчыцкая ўражлівасць Марціна Рэмбача
У кніжку „Żubr i inne opowiadania” увайшло дзесяць выбраных твораў на польскай мове ў знакамітым перакладзе таленавітага беластачаніна Марціна Рэмбача, замацаванага ад дзесяцігоддзяў у шматлікіх беларуска-польскіх вымярэннях. Графічна-мастацкае афармленне новага выдання ўзяў на свае плечы і думкі нястомны чалавек-установа Юрка Асеннік. Ён жа будзе ў Нараўцы героем другога дня фестывалю — 13 ліпеня ў суботу, з канцэртам на аснове выбраных вершаў Анатоля Сыса са зборніка «Пан Лес». Але пра падзею і антураж суботняй гармоніі прыроды, музыкі і слова прачытаем у гэтым месцы праз тыдзень.
Міхал Андрасюк і Марцін Рэмбач, фота Міры Лукшы
Зараз хачу засяродзіцца на асобе перакладчыка, якая вельмі часта бывае прызабытая выдавецтвамі, а нават, здараецца, што і аўтарамі арыгіналаў. А тут досвед у гэтым выпадку ўжо немалы. Год назад выдатна справіўся ён з перакладам хрэстаматыйнай ужо ў бязмежнай, беларускай літаратуры «Поўняй» („Pełnia”), пушчанскага Міхала Андрасюка, а ў нядаўнім мінулым з ягоным «Белым канём» („Biały koń”, 2011). У перакладчыцкай калекцыі Марціна мы знойдзем нашумелую і ўзнагароджаную кнігу Зміцера Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы…» («I miał pan wróbelka, który mówił”, 2018) — своеасаблівы запіс дакументальных рэпартажаў аб беларускіх лёсах у ХХ стагоддзі. Раней з‑пад ягонай перакладчыцкай рукі супольна з Віталём Лубам выйшаў «Беларускі гістарычны каляндар» („Białoruski kalendarz historyczny”) Уладзіміра Хільмановіча. Асвойванне і прыбліжэнне беларускай літаратуры польскаму чытачу распачаў Марцін Рэмбач з апавяданняў Віктара Сазонава «Занатоўкі кантрабандыста» („Notatki kontrabandzisty”) і «Суседскія былі» („Bajdy sąsiedzkie”). Свет беларуска-польскага памежжа, апісаны тут Віктарам Сазонавым, дзякуючы перакладчыцкай працы вельмі пазітыўна уразіў польскага чытача. А вось „Notatki kontrabandzisty” сталі яшчэ на дадатак амаль абавязковай для чытання кніжкай для кожнага польскага памежніка і мытніка на мяжы з Беларуссю, калі той хацеў мець поспехі на сваім участку працы. Сам Віктар Сазонаў у ходзе сустрэч і размоў пра сваю кніжку менавіта з памежнымі службоўцамі неаднойчы размаўляў пра вопыт кантрабандыста, перасякаючы мяжу ці то ў Кузніцы-Беластоцкай, ці Баброўніках.
Не застаецца па‑за транслятарскай увагай Марціна і паэзія. Менавіта ён у выдадзеным у 2018 г. двухмоўным зборніку паэзіі чорнай дамы беларускай літаратуры, нашай ніўска-падляшскай Надзеі Артымовіч «Краявід з невідочнай памылкай» („Krajobraz z wadą ukrytą”), у супрацоўніцтве з вельмі патрабавальнай да гукаў паэтычнага адчування і то яшчэ ў перакладзе патрапіў знайсці яе адабрэнне для сваёй транслятарскай справы. Кожны, хто меў дачыненне да супрацоўніцтва, на жаль, з пакойнай ужо паэтэсай, добра ведае, з якімі закалотамі і сцяною праблем можна было сутыкнуцца ў любую мінуту. Але адчуванне Марцінам індывідуалізму самой паэткі і яе паэзіі дазволіла атрымаць у падарунку апошні ейны прыжыццёвы зборнік.
Многія чытачы могуць не ведаць, што і ён сам з’яўляецца аўтарам дзвюх па-мойму выдатных кніжак на польскай мове для дзяцей і адначасна для дарослых — «Braterstwo puszczy. Księga 1” і „Braterstwo puszczy. Księga 2.Przygoda z wilkami” — абедзве выдадзеныя кіраваным ім Цэнтрам грамадзянскай адукацыі Польшча-Беларусь у Беластоку. Тое, што аўтар выдатна апісвае свет звярынай пушчы і яе жыхароў, у якіх жа такія ж самыя праблемы і характары, як у людскім жыцці, дазваляе мець непаўторны шанц зазірнуць у глыб сябе нам цяпер і зараз. Філасофія і ідэя кніжак проста ідэальна ўпісваецца ў сам дух і месца правядзення фестывалю арганізатарамі ў мясцовасцях Белавежскай пушчы. Калі арганізатарам хопіць сіл, здароўя і сродкаў на наступныя выпускі такіх сустрэч, то менавіта госцем, якога варта паслухаць усім пакаленням разам, з’яўляецца аўтарская сустрэча з Марцінам Рэмбачам. Не толькі ў Нараўцы, але і ва ўсім пушчанскім старонні. Ну і мне марыцца, каб сябры-перакладчыкі з польскай мовы прыглянуліся гэтым выданням, бо ж варта нашым дзецям, маладзёнам і самім сабе прывіваць каштоўнасці гуманнасці, чалавецтва, сяброўства, адказнасці, зразумення абавязковага прамінання — так як і адвечнага, зямнога пакуль — права да нараджэння і смерці…
Вельмі любіў гуляць словам, бы косткай Рубіка
Але пакуль спадзяемся ўсе, што неўзабаве дачакаемся кнігі расказаў Міхала Андрасюка на польскай мове „Żubr i inne opowiadania” ў перакладзе Марціна Рэмбача. Суарганізатар фестывалю «Podlasie. SLOW FEST» у Нараўцы, а заадно і выдавец кніжкі — Цэнтр беларускай культуры з Беластока ў асобах яго кіраўніцтва Анатоля Вапы і Ілоны Карпюк згодна абяцаюць, што папяровы варыянт кнігі атрымаем у рукі ўжо да канца ліпеня. Застаецца ўсім аматарам творчасці літаратурнага пушчанскага зубра — Міхала Андрасюка яшчэ вытрываць у невялічкім чаканні. А потым толькі чытаць, смакаваць і каштаваць словы вобразаў з нетраў і людскіх паселішчаў Белавежскай пушчы. Прысутных на сустрэчы пад трыццаць аматараў такога вось слова ў тым выпадку не толькі нашых, падляшскіх чытачоў дае надзею, што кніга паплыве з‑пад пушчанскіх берагоў па літаратурных салонах усёй краіны.
Менавіта тое, што нельга яшчэ было патрымаць цёпленькай кнігі ў руках і на ёй толькі засяродзіць сваю ўвагу, дазволіла Андрэю Байгузу «прыціснуць» героя сустрэчы і прыгожа намагацца адчытаць і чакаць адказу, адкуль плыве перпетуум мобіле вантробаў (trzewiów), літаратурнай мужчынскасці ягоных празаічных твораў.
Як кожны шануючыся і вынаходнік свайго, адзінага і непаўторнага пісьменніцкага стылю, не да канца быў, відаць, скоры рассакрэціць усе свае таямніцы творчай кухні і энергетыку герояў, якіх стараецца звычайна па-чалавечы любіць. Для большасці з іх прыйшлося сустрэцца не з нешчаслівымі, але найчасцей з няздзейснымі каханнямі. Гэта найчасцей выступае пасля правалу эратычнага інстынкту маладосці. Таму вельмі кранальна відавочна ў ягоных творах, што героі ў многім тады стараюцца жыць у сваёй толькі ім бяспечнай сферы мараў. Мо таму ў сваіх пошуках уласнага «я» становяцца інтравертамі, якім аўтыстычныя цярпенні празмернасці гукаў, гарадскога натоўпу і чалавечай брахні проста надаядаюць, бы тая чарвівая рэдзька.
Сам Міхал Андрасюк тут вельмі трапна асабіста заўважыў, што з гадамі змяніўся і ягоны спосаб пісання. Раней вельмі любіў гуляць словам, бы косткай Рубіка, калі інтуітыўнасць і разбудаванасць слова даюць аўтарскае задавальненне. «Зараз пішу інакш, а тое, што дэбютаваў кнігай прозы ў сорак — для празаіка гэта не старасць», — заявіў ён прысутным. Мне вельмі спадабалася ў час размовы, што герой сустрэчы вельмі трапна і вобразна накрэсліў крохкасць і слабасць фундаментаў такога новага горада стварэння, якім сталася Гайнаўка. На фоне нашай гістарычнай традыцыі маламястэчковасці Кляшчэль, Орлі, Бельска-Падляшскага, Нарвы, ці Нараўкі — у мінулым і зараз — грамадскасць гайнавян злепленая з беднага асадніцтва з глыбіні Польшчы і мясцовага насельніцтва. Стварыла гэта своеасаблівы рабоча-сялянскі менталітэт, які дэтэрмінуе характар і зараз павятовага, быццам вельмі панскага горада. Тут нават яго штодзённая мова асабліва сведчыць аб класавай прыналежнасці яе карыстальнікаў. Характар людзей і выклікі палітычна-эканамічнай трансфармацыі пасля 1989 года ў Польшчы кінулі гайнавян у сапраўдны цыклон, якога яны перад усім цалкам не разумелі. Логіка гісторыі ў жыцці з чарговымі ўладамі і сістэмамі наказвала думаць найпростшым чынам — калі будзе капіталізм, мы будзем капіталістамі! І ў чаканні прыходу капіталізму спадзяваліся на цудоўную руку свабоднага рынку і іхніх нават саснёных фірмаў.
А тое, што ўжо многія гараджане палізалі смаку і паху амерыканскіх долараў, нямецкіх марак і іншых тадышніх еўрапейскіх валют, панааглядаліся ўрэшце ўсялякага бурбалкавата-пустога заходняга кіно, дык давай стрымгалоў акунуцца ў гайнаўскую гонку капіталістаў. І таксама прыйдзецца за гэты інфантылізм і наіўнасць расплаціцца ў найлепшым выпадку толькі банкруцтвамі сваіх мо яшчэ не надта задоўжаных бізнесаў. Але здаралася і другое, і горшае ў паўсюль гэтак званай чырвонай Гайнаўцы.
З вялікай, але скрыванай надзеяй чакаў я пытання вядучага і станоўчага адказу Міхала Андрасюка пра пісанне новай кніжкі. І ў святочны дзень Пятра і Паўла аўтар апавясціў прысутным у Нараўцы,а затым значыць усяму свету, што на ягоным працоўным камп’ютары запісваюцца радкі новага рамана «Жубрэрос». Слова становіцца целам.
Мая фантазія і ўяўленне пачалі маланкава працаваць над спалучэннем і сустрэчамі ў нашай пушчы Эраса і чалавечай эротыкі з неверагоднай моцай дадзенай толькі каралеўскім зубрам. Але маё ўяўленне ў параўнанні з аўтарскай задумай здаецца быць толькі нейкім слабым сурагатам таго, што выльецца на паперу. Затым з самой ідэяй фестывалю — памаленьку, не спяша — чакайма новай кніжкі Міхала Андрасюка.
(працяг будзе)
Яўген Вапа, тыднёвік “Ніва”, №30, 2024 год