BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Памёр польскі архітэктар беларускага паходжання Міхал Балаш

18 ліпеня памёр польскі архітэктар беларускага паходжання Міхал Балаш, паведамляе nashaniva.com. Ён пражыў 102 гады.

Ён нарадзіўся 22 студзеня 1923 года ў Вільні ў сям’і настаўніка, праваслаўнага веравызнання. Яго бацькі мелі фальварак у Старым Двары ў Пастаўскім павеце

Бацька Міхала паходзіў з заможнай землеўладальніцкай сям’і, якая, аднак, фінансава пацярпела падчас Першай сусветнай вайны. Бацькі Міхала Балаша яшчэ да яго нараджэння пераехалі ў Вільню, дзе яго бацька стаў санітарным фельчарам у псіхіятрычнай бальніцы.

Міхал Балаш меў старэйшага брата Аляксандра і дзвюх малодшых сясцёр: Вераніку і Аляксандру (маці прэзідэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага). 

Падчас Другой сусветнай вайны жыў у сям’і ў Прудніках-Ямках. Скончыў гімназію ў Паставах і працаваў бухгалтарам.

У 1944 годзе далучыўся да Арміі Краёвай. Затым быў прызваны ў Чырвоную Армію, аднак пасля адмовы прыняць прысягу быў інтэрнаваны і сасланы пад Разань. Вызвалены ў 1946 годзе, з’ехаў у Польшчу, куды раней прыехала астатняя яго сям’я.

Ступень бакалаўра атрымаў у Познані. Магістратуру скончыў у Гданьскай палітэхніцы, дзе атрымаў тытул магістра інжынера архітэктуры.

У 1954 годзе атрымаў пасаду гарадскога архітэктара ў Беластоку. Яго сувязі з сакральнай архітэктурай пачаліся з рамонту царквы св. Мікалая (сёння — сабора).

Спачатку праектаваў пераважна праваслаўныя цэрквы на Падляшшы, але з цягам часу яму даручалі таксама праекты каталіцкіх храмаў.

У 80-я гады яму даручылі завяршэнне праекта рэканструкцыі царквы манастыра ў Супраслі.