BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Паралельная гісторыя”

Цяжка нават уявіць, што адчувае сям’я воіна, які знік без вестак тры гады таму, а цяпер вярнуўся на родную зямлю. У рамках апошніх абменаў ваеннапалоннымі ва Украіне такіх выпадкаў было некалькі. Гэта ўжо гісторыя.

Фота: © Getty Images

А вось у іншую – паралельную – гісторыю аб зніклым без вестак вайскоўцы акупацыйнай арміі ўвойдзе радыёперахоп Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, змест якога кідае ў жах. Ваеннага з’еў яго пабрацім. Прычым вядомыя падрабязнасці гэтага хорару: пазыўныя, падраздзяленне, геаграфія (Купянскі кірунак Харкаўшчыны) і, пардон, працягласць працэсу – два тыдні.

Праўда, пазней паведамілі, што і самога “гурмана” знайшлі мёртвым. У ГУР падкрэслілі: гэта чарговае сведчанне маральнага і псіхалагічнага заняпаду расейскіх акупацыйных войскаў. Інакш і не скажаш. 

На так званую СВА адправіліся і некалькі вядомых канібалаў – памілаваных крамлёўскім монстрам. Адзін з іх у інтэрв’ю заявіў, што пайшоў на вайну, каб “абараніць традыцыйныя рускія каштоўнасці”. Як відаць, у гэтых каштоўнасцях месца для чалавечага жыцця не прадугледжана. 

Нядаўна Міжнародны крымінальны суд атрымаў канфідэнцыйны даклад пра ваенныя злачынствы ў Афрыцы, здзейсненыя наймітамі вядомай расейскай прыватнай ваеннай кампаніі. У тым ліку – акты канібалізму з распаўсюджваннем фота- і відэаматэрыялаў у сацсетках. Паралельную гісторыю краіны 404 пішуць… людаеды.  І калі ў адной гісторыі чалавека шукаюць тры гады, верачы, што ён жывы — то ў другой людзі для сваіх ужо нават не людзі. 

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя