BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Парушальнікам парадку на канцэрце Макса Каржа пагражае дэпартацыя

Вынікам грубага парушэння парадку на нацыянальным стадыёне ў Варшаве падчас канцэрта рэпера з Беларусі Макса Каржа стала распачатая крымінальная справа ў дачыненні да 63 чалавек. Сярод іх 57 украінцаў і шасцёра беларусаў. Ім прыйдзецца з’ехаць з Польшчы добраахвотна ці пад прымусам, заявіў прэм’ер-міністр Дональд Туск. Пра гэта піша выданне Інтэрія.

“Я кажу пра беспарадкі, акты агрэсіі і некаторыя правакацыі на Нацыянальным стадыёне падчас канцэрту беларускага рэпера”, – казаў сёння перад пасяджэннем урада прэм’ер-міністр.

“Суды таксама адрэагавалі вокамгненна, і ў некаторых выпадках, там, дзе адбылося правапарушэнне, здзяйсненне злачынства, былі накладзеныя адпаведныя пакаранні”, – адзначыў кіраўнік урада.

Выданне піша, што падчас канцэрта там з’явіўся чырвона-чорны сцяг украінскіх нацыяналістаў.

Кіраўнік урада выказаў упэўненасць, што “ні ў якім разе нельга дапусціць развязвання антыўкраінскіх настрояў”. “Гэтак жа, як украінскія ўлады павінны клапаціцца, каб нікому не прыйшло ў галаву ва Украіне ці ў Польшчы, каб украінцы рабілі нейкія непатрэбныя антыпольскія жэсты”, – сказаў Туск.

Раней паліцыя паведамляла, што на суботнім канцэрце Макса Каржа «за шматлікія правапарушэнні і злачынствы» затрымалі 109 чалавек. Прычыны — ад захоўвання наркотыкаў і піратэхнікі да нападу на ахову і пранікнення ў зону, куды не было квітка.

* * *

Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы заявіла, што іншаземцаў, якія парушалі закон падчас канцэрта беларускага рэпера Макса Каржа 9 жніўня, могуць дэпартаваць.

Макс Корж. Фота: wikipedia.org.
Макс Корж. Фота: wikipedia.org

«Кожны, хто парушыў закон на гэтым канцэрце, будзе пакараны. Калі паводзіны асобаў сведчаць пра тое, што яны могуць зноў парушыць закон у Польшчы, мы абавязкова распачнём працэдуры іх высылкі ў краіну, адкуль яны прыбылі», — цытуе кіраўніка ведамства Марціна Кервіньскага interia.pl.

На канцэрце «за шматлікія правапарушэнні і злачынствы» затрымалі 109 чалавек, паведаміла раней паліцыя. Прычыны — ад захоўвання наркотыкаў і піратэхнікі да нападу на ахову і пранікнення ў зону, куды не было квітка. 

Пад увагай паліцыі таксама лозунгі, абуральныя для палякаў, што былі на канцэрце. Пакуль яна выяўляе датычных да іх асобаў, а пракуратура вызначаецца, ці ёсць у гэтым злачынства.

Макс Корж падзякаваў гораду і прыхільнікам за «магутную падтрымку», але пра інцыдэнты не згадаў.