“Голас для будучыні нашай грамадскасці” з такім лозунгам ідзе на выбары кандыдатка ў раду Гайнаўскага павету Паўліна Сегень, якая балатуецца ад выбарчага камітэту “Гайнаўская самаўрадавая кааліцыя”.
Мая мэта будаваць на Гайнаўшчыне стратэгічны турыстычны пласт, кажа Паўліна Сегень жыхарка Чох Арлянскіх і саўладальніца агратурыстычнай сядзібы “W Zielonym Spichlerzu”:
– Нашаму рэгіёну патрэбна нейкая такая ідэя. Кожны, хто меў дачыненне з турыстычнай сферай разумее, што калі б не было Белавежскай пушчы і зуброў, то не было б і турызму. Трэба думаць, як зрабіць так, каб пушча была для людзей, была адкрытая для турыстаў, зрабіць файныя турыстычныя трасы, развіваць вакол пушчы адукацыйную працу. Я б хацела, каб у Гайнаўцы паўстаў санаторый.
Мэтай працы радных гайнаўскага самакіравання павінна стаць магчымасць доступу жыхароў да добрага інтэрнэту і надзейнай электрычнасці, каб маладыя людзі маглі сюды вярнуцца і стаць гаспадарамі на сваёй зямлі, лічыць яна.
Выбары ў мясцовае самакіраванне адбудуцца 7 красавіка. Другі тур выбараў прызначаны на 20 красавіка.
Беларускае Радыё Рацыя