Сёлета фонд «TUTAKA» абвясціў юбілейны, пяты Дэкламатарскі конкурс для дзяцей, моладзі і дарослых, прысвечаны дню роднай мовы. Праект ставіць на мэце падтрымку і папулярызацыю беларускай мовы праз дэкламацыю вершаў, прозы і мастацкія відэа, створаныя ўдзельнікамі з усяго свету.

Сёння Госць Рацыі — кіраўнік фонда «TUTAKA» і арганізатар конкурсу Павел Станкевіч. Пагаворылі пра дэталі конкурсу, умовы ўдзелу, а таксама пра тое, якую ролю падобныя ініцыятывы адыгрываюць у захаванні беларускай культурнай спадчыны і любові да роднага слова.
РР: Гэта ўжо пяты дэкламатарскі конкурс. Як змяніўся яго фармат за гэтыя гады? І што асаблівага ў юбілейным конкурсе 2026 года?
Павел Станкевіч: Тое, што змянілася на працягу гэтых пяці гадоў, – у нас з’явіўся партнёр конкурсу, дзякуючы чаму нам крыху лягчэй, – гэта Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку. Файна таксама, што, як і раней, конкурс заўсёды фінансуецца Міністэрствам унутраных спраў. І пры дапамозе горада Беласток мы надалей можам развіваць гэтае цікавае мерапрыемства. Таксама дзякуючы таму, што мы на гэтай цудоўнай партнёрскай сцэне Беластоцкага тэатра ляляк. Ёсць магчымасць у кожнага, хто апынецца ў фінале, аказацца на сапраўднай тэатральнай сцэне. Мне падаецца, што гэта важна.
І таму, што мы ў класнай прасторы, то можна паказаць кіно. Таму ў нас ёсць і мастацкая частка. Мастацкая частка для тых, хто можа хвалюецца, як яны ў жывую дэкламуюць. Але перадусім для тых, якіх хоча спалучыць дэкламацыю з відэа і маюць свае думкі. І гэтая катэгорыя, у адрозненні ад астатніх, дазваляе таксама прыняць удзел прафесіяналам. Бо конкурс накіраваны на аматараў беларускага слова, але ў гэтай частцы, мастацкага відэа, можна браць на працу прафесійных акцёраў, рэжысёраў, гукарэжысёраў, тут важны вынік.
Цалкам размова:
З Госцем Рацыі, кіраўніком фонда «TUTAKA» Павлам Станкевічам, размаўляла Вольга Сямашка.
Рэгламент конкурсу і анкета ўдзельніка: https://tutaka.org/be/drm_26/
Матэрыялы разам з запоўненай анкетай праз адмысловую форму прымаюцца да 13 лютага 2026 года ўключна: https://forms.gle/cyrCMuNFGkCAFDJM9
Фінал конкурсу адбудзецца 24 лютага на сцэне Беластоцкага тэатра лялек і анлайн.
Суарганізатар конкурса: Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.




Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Фонда «TUTAKA».






