
Грамадскія ініцыятывы і фонды пачалі падводзіць вынікі за 2024 год.
Павел Станкевіч, кіраўнік фонду «Тутака» падвёў невялікія вынікі 2024 года для фонду:
– 2024 год даволі цікавы, але мы тут з году ў год наракаем, што нам не хапае розных імпрэз, таму што шмат ёсць выклікаў. Мне падаецца, што самае класнае, што нам удалося дасягнуць сёлета, вядома ж, выжыць. Але ў гэтым ліку фестываль “Тутака”. Гэта самая буйная наша падзея з аднаго боку, з другога боку – сёлета, калі мы апынуліся ў такіх праблемах з фінансаваннем, дагэтуль яшчэ не разумеем, як мы выйдзем з гэтага года.
Павел упэўнены, што іх фонд ладзіць мерапрыемствы на любы густ і для розных пакаленняў наведвальнікаў:
– Даволі шырока ідэнтыфікуем сваю аўдыторыю, і таму ў нас такія праекты, мне прынамсі падаецца, даволі розныя. Таму што нам цікава, безумоўна, дабіцца да аўдыторыі, нягледзячы на яе ўзрост. Ёсць у нас такія рэчы, якія больш даспадобы старэйшаму пакаленню, але ў нас ёсць і доўгія лекцыі “Хто ты гэткі?”, дзе мы распавядаем пра гісторыю і культуру беларусаў.
Павел яшчэ не ведае каляндар дакладных мерапрыемстваў на наступны год, аднак упэўнены, што галоўны фэст «Тутака» ў 2025-м годзе абавязкова адбудзецца.
Беларускае Радыё Рацыя






