BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Павіншуй братоў»

Расея рыхтуецца да навагодніх свят. З усёй, так бы мовіць, сваёй чыста расейскай спецыфікай. Кіркоравы-басковы ўсё гэтак жа ў бліскаўках і пёрах вандруюць з канала на канал, і бункерны псіхапат усё гэтак жа рыхтуецца ўкліньвацца ў кожнае сямейнае навагодняе застолле. Толькі ёсць маленькі нюанс: недастаткова жаваць пяльмені і запіваць гарэлкай у сябе дома – трэба абавязкова «павіншаваць» са святамі брацкі ўкраінскі народ. І не пашкадаваць на падарункі ажно 1,273 мільярда даляраў, як гэта адбылося раніцай 29 снежня.

Але нічога, гэтыя грошы хутка вернуцца продажам нафты і газу, якія купіць занепакоены Захад ужо з улікам магутных санкцыяў. РФ гэта каштуе грошай, а кошт для Украіны – жыцця мірных жыхароў, знішчаныя дамы і аб’екты інфраструктуры. Рускія гатовы галадаць, піць ваду з балота, патрыятычна ездзіць на «Ладах» з прывязанымі да люстэркаў георгіеўскімі стужкамі і надпісамі на дзвярах «Можам паўтарыць». Але нават зусім галоднымі яны будуць радавацца, што забілі ўкраінцаў: «Хахлы, як вам Новы год»?

Хоць у падліках, колькі выдаткавана ворагам на ракеты і беспілотнікі, ёсць і доля цынізму – кожны раз агучваць кошт гэтых масіраваных пускаў. Але дзякуй, што пасля такіх нападаў украінцы застаюцца з электрычнасцю і вадой, бо Новы год вельмі хутка. Усё ж такі сентыментальны мужык гэты крамлёўскі монстар! І лепш грошы ў ракеты ўкладваць, а не ў будаўніцтва школ і ў навуку: яшчэ народ думаць пачне. А яму думаць да прэзідэнцкіх выбараў катэгарычна забаронена.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя