«Перасяленцы ці ўцекачы» гэта назва кнігі, якая днямі выйшла друкам. Апісвае яна лёсы тых беларусаў, якія былі пераселеныя з Польшчы ў Беларусь у гадах 1944-48.

Пра першую прэзентацыю кнігі гаворыць дырэктар Цэнтра Беларускай Культуры ў Беластоку, які выдаў кніжку, Анатоль Вап:
– Першая прамоцыя і прэзентацыя гэтай кніжкі будзе ў парафіі Тапілец (гміна Тураснь Касцельна) 25 студзеня ў 10.30. Падзея адбудзецца ў парафіяльнай святліцы. З гэтай парафіі большасць прыхаджан выехала, была прымушана ўцякаць са сваёй Бацькаўшчыны. І будзе адзін з нашчадкаў такой сям’і Алесь Зарэмбюк, сям’я якога была прымушана пакінуць сваю Бацькаўшчыну – Беласточчыну.
Паводле прафесара Яўгена Мірановіча, аўтара ўступу да кніжкі «Перасяленцы ці ўцекачы», у той час выехала з Беласточчыны крыху больш за 30 тысяч беларусаў, з агульнай колькасці 142 тысяч, якія тады пражывалі на Беласточчыне, значыць больш чым пятая частка.



Беларускае Радыё Рацыя






