Беларуская дыяспара ў Беластоку гуртуецца або раствараецца?

Сваімі назіраннямі ў нашым эфіры падзяліліся прадстаўнікі двух найбольш наведвальных беларускіх кропак у горадзе – стваральнік «Беластоцкага музычнага клубу» Анон Сіроцін і кіраўніца хабу «Новая зямля» Надзея Салаўёва.
– Эканамічныя мігранты, будзем іх так называць, як не хадзілі першы год, так і не ходзяць. А дыяспара, як была актыўная, так і зараз. Яны прыдумляюць усё больш ідэяў, запачаткоўваюць свае новыя праекты, мерапрыемствы. Зараз мы рэальна заўважылі за апошнія месяцы як павялічылася колькасць людзей, якія прыехалі месяц-два-тры таму. Яны прыязджаюць, прыходзяць сюды сем’ямі па падтрымку, па дапамогу, па інфармацыйную нейкую кансультацыю. Плынь гэтая не спыняецца.
У сваю чаргу Сіроцін канстатуе, што ў беларускай публікі няма культуры наведвання платных мерапрыемстваў, а ў палякаў яна ёсць.
– Таму шукаецца нейкая прапорцыя, каб палякі таксама маглі пачуць беларускую музыку, пазнаць яе. Дзеля беларускіх музыкаў гэта таксама пашырэнне аўдыторыі. Мы зараз плануем рабіць імпрэзы не толькі ў нас на лакацыі, але і пашыраць спіс лакацый. Пашыраць нават спіс гарадоў, дзе мы будзем рабіць імпрэзы. Спачатку на Падляшшы, а там, глядзіш, і з Варшавай ёсць нейкія супольныя рэчы, можа з імі штосьці зладзім. Карацей, планаў шмат.
Дзеля прыкладу Антон прыводзіць сёлетні выступ гурту Re1ikt, на які завітала напалам беларуская і польская аўдыторыя. Нагадаю, што нядаўна пашыраная пляцоўка Bialystok Music Club месціцца па адрасе Legionowa 14/16.
Беларускае Радыё Рацыя






