Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Сямоняк паведаміў, што ўрад адтэрмінуе ўвядзенне буфернай зоны на мяжы з Беларуссю. Зона павінна была быць утворана заўтра, 4 чэрвеня, але з-за затрымкі ў справе планавання да гэтай тэмы вернуцца напрыканцы тыдня, паведамляе rmf24.pl.

Zdjęcie ilustracyjne/Wojtek Jargiło /PAP
“Мы працуем над пастановай міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі ў адпаведнасці з тым, што прэм’ер-міністр абвясціў у мінулую сераду. Мы не чакаем, што гэтае рашэнне будзе прынятае заўтра. Мы хочам мець яшчэ трохі часу, некалькі дзён, каб пракансультавацца з мясцовымі органамі самакіравання, нацыянальным паркам і грамадскімі арганізацыямі,” – сказаў Томаш Сямоняк.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі загадаў працягваць перамовы з падляшскім ваяводам.
“Мы хочам, каб гэтае рашэнне, якое прапануе памежная служба, міліцыя і войска, максімальна ўлічвала інтарэсы мясцовага насельніцтва і мясцовых прадпрымальнікаў,” – дадаў палітык.
Сямоняк паведаміў, што цяпер урад прыняў «гнуткую формулу адлегласці ад мяжы», якая павінна ўлічваць інтарэсы розных суб’ектаў.






