Польшча ставіць электронны бар’ер на рацэ Буг, па якой праходзіць мяжа з Беларуссю. Работы адбываюцца на тэрыторыі Уладаўскага павета, паведамляюць у Памежнай службе Польшчы.
Для ўзвядзення бар’ера падрыхтоўваюць бераг ракі. Тэрыторыю ачышчаюць ад дрэваў і кустоў. На падрыхтаваным участку ставяць слупы, на якіх размесцяць камеры і сістэму электразабеспячэння.
На 172 кіламетрах мяжы плануецца паставіць 1800 слупоў для камер, 4500 камер дзённага і начнога, а таксама цеплавізійнага назірання і спецыяльныя датчыкі. Электронны бар’ер далучаць да ўжо наяўнай сістэмы назірання за мяжой. Цэнтр назірання за бар’ерам будзе размешчаны ў горадзе Хелме.
У памежнай службе кажуць, што бар’ер будзе ахопліваць усю тэрыторыю памежнай ракі — без дапушчэння мёртвых зон. Гэты праект фінансуецца Еўразвязам.
Фота: strazgraniczna.pl