BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча будуе новую электронную сцяну на мяжы з Беларуссю

Па словах польскага міністра ўнутраных спраў Томаша Семоняка, у Люблінскім ваяводстве ўздоўж Буга ідзе актыўнае будаўніцтва новай электроннай агароджы. Плануецца, што да 20 ліпеня праект будзе завершаны.

Fot. PAP/Artur Reszko

Гэтая агароджа будзе складацца прыкладна з 1800 мачтаў з 4500 камерамі відэаназірання, у тым ліку начнога і цеплавізійнага. Таксама будуць усталяваныя спецыяльныя датчыкі, якія рэагуюць на рух, і пракладзена каля 200 кіламетраў кабеляў для электрасілкавання і перадачы даных.

Томаш Семоняк адзначыў, што на ўмацаванне інфраструктуры на мяжы з Беларуссю ўжо выдаткавалі каля 2,6 мільярда злотых. Акрамя гэтага, Польшча плануе павялічыць колькасць памежнікаў на гэтым участку яшчэ на 1,5 тысячы чалавек.

Раней на польска-беларускай мяжы пабудавалі сталёвы плот вышынёй 5 метраў і даўжынёй 186 км, прызначаны для барацьбы з міграцыяй. Ён таксама абсталяваны электроннай сістэмай назірання.