Для абароны ўсходняй мяжы Польшчы будуе новыя вайсковыя часткі на тэрыторыі памежных з Беларуссю ваяводстваў – Падляшскага і Вармінска-Мазурскага.

Як паведамляе «TVP3 Olsztyn», у межах рэалізацыі абароннай дактрыны, якая мусіць узмацніць усходні фланг NATO, у тым ліку сувальскі калідор, запланаванае будаўніцтва вайсковых адзінак у Элку і Алецку (Вармінска-Мазурскае ваяводства), а таксама ў Граеве і Аўгуставе (Падляшскае).
Адзначаецца, што ў полі пад Элкам ужо ідзе будаўніцтва казарменнага комплексу, пакуль у выглядзе часовых кантэйнерных збудаванняў, на 700 вайскоўцаў разведвальнага батальёну 16-й Паморскай механізаванай дывізіі.
«Тут будзе развітая інфраструктура для размяшчэння вайскоўцаў і правядзення вучэнняў. Тут таксама будзе арганізаваная пляцоўка для трэнаванняў, а таксама паркоўка, захоўванне абсталявання і ўся лагістыка», – паведаміў падпалкоўнік Робэрк Хупка, кіраўнік 16-га разведвальнага батальёну ў Элку.