BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча і краіны Балтыі заклікалі ЕЗ пабудаваць лінію абароны на мяжы з Беларуссю і Расеяй

Польшча, Літва, Латвія і Эстонія заклікалі ў сераду Еўрапейскі Звяз пабудаваць лінію абароны ўздоўж мяжы з Расеяй і Беларуссю, каб абараніць ЕЗ ад ваенных пагроз і іншых шкодных дзеянняў з боку Масквы, паведамляе Reuters.

У лісце старшыні Еўразязву лідары чатырох краін, якія мяжуюць з Расеяй і Беларуссю, заявілі, што праект, закліканы абараніць звяз 27 краін з насельніцтвам 450 мільёнаў чалавек, таксама запатрабуе фінансавай падтрымкі ўсіх чальцоў. Прапанова будзе абмяркоўвацца на саміце ў Бруселі, які пачынаецца сёння, 27 чэрвеня.

“Стварэнне сістэмы абароннай інфраструктуры ўздоўж знешняй мяжы ЕЗ з Расеяй і Беларуссю дасць магчымасць вырашыць вострую і надзённую неабходнасць абараніць ЕЗ ад ваенных і гібрыдных пагроз”, – гаворыцца ў лісце чатырох лідараў, з якім азнаёмілася агенцтва Reuters.
Некаторыя дыпламаты ЕЗ ацанілі кошт будаўніцтва такой лініі абароны на зямлі ўздоўж 700-кіламетровай мяжы ЕЗ з Расеяй і Беларуссю прыкладна ў 2,5 мільярды еўра.

Раней прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск аб’явіў аб плане ўмацавання мяжы з Беларуссю і Расеяй. План атрымаў кодавую назву “Шчыт Усход”. Польскія ўлады плануюць выдаткаваць на яго 10 мільярдаў злотых.

Беларускае Радыё Рацыя