
Фота мяжы (БелТА) ілюстрацыйнае
Польшча пакуль не разглядае магчымасць пашырэння трансгранічнага руху на пунктах пропуску з Беларуссю. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі, адказваючы на пытанне аб магчымым аднаўленні грузавога руху праз пункт пропуску «Кузніца — Брузгі».
Паводле яго слоў, польскія ўлады пастаянна манітораць сітуацыю на мяжы з Беларуссю. Міністр нагадаў, што раней рашэнні аб закрыцці асобных пунктаў пропуску прымаліся з меркаванняў бяспекі.
«Мы адкрылі новыя пункты пропуску ў Падляшскім ваяводстве. Калі ўсе пытанні бяспекі, у тым ліку тыя, што знаходзяцца ў кампетэнцыі Міністэрства інфраструктуры, дазволяць пашырыць іх функцыянальнасць, мы разгледзім такую магчымасць. Але на дадзены момант гэта не стаіць на парадку дня», — адзначыў Кервіньскі.
Нагадаем, у лістападзе Польшча адкрыла два памежныя пераходы з Беларуссю. Пункт пропуску «Кузніца — Брузгі» быў адкрыты толькі для пасажырскага транспарту, у тым ліку аўтобусаў, а «Баброўнікі — Бераставіца» — для пасажырскага і грузавога руху.






