Польшча да 30 чэрвеня 2025 года падоўжыла для беларусаў рэжым спрошчанага атрымання праязнога дакумента замежніка. Пра гэта са спасылкай на ўпраўленне па справах замежнікаў, піша тэлеграм-канал “Беларусы ў Польшчы”.

Польскі праязны дакумент замежніка дазваляе падарожнічаць за межы Польшчы і вяртацца ў краіну. У самой Польшчы беларусы з пратэрмінаванымі або згубленымі пашпартамі могуць карыстацца ім як дакументам, які сведчыць асобу. Для беларускіх палітуцекачоў гэты дакумент набыў асаблівае значэнне пасля таго, як рэжым Лукашэнкі забараніў замену пратэрмінаванага пашпарта ў амбасадах і консульствах. Польскія ўлады пайшлі насустрач палітуцекачам і ў 2023 годзе ўвялі спрошчаны парадак атрымання дакумента замежніка для беларусаў.
Па спрошчанай схеме гэты дакумент можа атрымаць беларус з любым часовым відам на жыхарства, нават калі не мае пашпарта. Акрамя таго, беларусы вызваляюцца ад аплаты за афармленне дакумента.






