Пра гэта паведамляе Аператыўнае камандаванне польскага войска. Меры накіраваны на забеспячэнне бяспекі ў памежных раёнах.
“У сувязі з масіраваным нападам Расейскай Федэрацыі, якая наносіць удары крылатымі, балістычнымі ракетамі і беспілотнымі лятальнымі апаратамі па аб’ектах, размешчаных, у прыватнасці, на захадзе Украіны, пачалася аперацыя польскай і саюзнай авіяцыі ў нашай паветранай прасторы”, — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным у X.

“У адпаведнасці з дзеючымі працэдурамі, аператыўны камандуючы задзейнічаў усе сілы і сродкі, якія ёсць у яго распараджэнні, былі ўзняты дзяжурныя пары знішчальнікаў, а наземныя сістэмы супрацьпаветранай абароны і радыёлакацыйнай разведкі прыведзены ў стан найвышэйшай гатоўнасці”, — дадалі ў камандаванні.
Вядзецца маніторынг сітуацыі, падпарадкаваныя сілы і сродкі знаходзяцца ў поўнай гатовасці да неадкладнага рэагавання.






