BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча працягнула спрошчаную выдачу падарожнага дакументу для беларусаў

Прынамсі да канца 2025 года грамадзяне Беларусі ў Польшчы змогуць атрымаць дакумент для падарожжаў паводле ранейшай спрошчанай працэдуры: бясплатна і без доказаў немагчымасці атрымаць свой нацыянальны пашпарт.

Фота: migrapedia.org

Міністр унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы падпісаў распараджэнне аб чарговым падаўжэнні дзеяння спрошчаных правілаў атрымання польскага падарожнага дакументу для замежніка для грамадзян Беларусі да 31 снежня 2025 года.

Гэты дакумент замяняе пашпарт у выпадку, калі грамадзянін іншай краіны страціў свой пашпарт і не можа яго аднавіць. Напрыклад, калі пашпарт сапсаваны або калі тэрмін дзеяння скончыўся, а атрымаць новы пашпарт сваёй дзяржавы на тэрыторыі Польшчы немагчыма.

Спрошчаны парадак для беларусаў увялі з 1 ліпеня 2023 года і ўжо не раз падаўжалі яго. Падарожны дакумент асабліва актуальны для беларускіх грамадзян, бо ўлады Беларусі ў 2023 годзе адмовіліся выдаваць і мяняць пашпарты сваіх грамадзян за мяжой.