У Польшчу прыбылі амерыканскія сістэмы супрацьдзеяння беспілотнікам MEROPS, якія ўжо пачалі ўсталёўваць уздоўж усходняга флангу NATO.

«Амерыканскія сістэмы супрацьпілотавай абароны MEROPS ужо ў Польшчы! Уздоўж усходняга флангу NATO разгорнутыя сістэмы, якія падвысяць нашыя здольнасці ў выяўленні і знішчэнні дронаў. Наша саюзніцкая супраца прыносіць канкрэтныя вынікі», — напісаў віцэ-прэм’ер і міністар абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Размяшчэнне гэтых сістэмаў адбываецца на фоне павелічэння пагрозы з боку Расеі. Апошнія месяцы польскія ўлады неаднаразова фіксавалі залёты расейскіх беспілотнікаў на тэрыторыю Польшчы з боку Беларусі, што выклікала ўручэнне дыпламатычных нот і ўзмацненне патруля ўздоўж усходняй мяжы.





