BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польшча вельмі хутка будуе новую дарогу да закрытага пункту пропуску

Польшча вельмі хутка будуе новую дарогу да закрытага пункту пропуску на мяжы з Беларуссю.

Будаўніцтва польскай трасы S19, якая пракладаецца ў абыход Беластока ў кірунку Кузніцы на мяжы з Беларуссю, ідзе з апярэджаннем графіку, паведамляе av.by.

Першыя дарожныя работы на трасе S19 Саколка-Кузніца, якая вядзе да КПП “Кузніца” (з боку Гродна пункт пропуску “Брузгі”), закрытаму з лістапада 2021-га, стартавалі ў пачатку 2023 года.

Спачатку будаўнікі высякалі дрэвы ўздоўж будучай дарогі. Пасля яны перайшлі да ўзвядзення адной з развязак. Тым часам ідзе будаўніцтва і больш заходняга ўчастка, так званага абыходу Беластока.

Увогуле новая траса S19 складаецца з некалькіх сегментаў, якія, мяркуючы па ўсім, будуць адкрывацца ў розны час. Цяпер жа з’явіліся фота адрэзка даўжынёй у 10 кіламетраў — ад населенага пункта Крыніцы да вузла Беласток-Захад.

Таксама гэта ўчастак будучай знакамітай дарогі “Віа Карпатыя” — ад Клайпеды да Салонік, ад мора да мора (праходзіць па тэрыторыі сямі дзяржаў).

Трасу абяцаюць адкрыць для руху ў 2024 годзе. Прадугледжаныя чатыры паласы, хуткаснае абмежаванне — 140 км/г. Працягласць участка паміж Саколкай і Кузніцай — амаль 16 км. Першыя 5,25 км будуць адпавядаць стандарту класа GP (асноўны паскораны рух), а наступныя 10,5 км новага маршруту — стандарту хуткаснай аўтамагістралі.

На самім памежным пераходзе запланавана да шасці палос руху (дзве паласы ўезду ў краіну і чатыры паласы выезду). Вядома, што тут узвядуць дзве развязкі і абсталююць пераходы для жывёл.

Агульны кошт работ перавышае 520 млн злотых (у пераразліку больш за 120 млн даляраў).