BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польская Аўтакефальная Праваслаўная Царква кананізавала вайсковых капеланаў – Катыньскіх пакутнікаў

Сёлета 85-я гадавіна Катыньскага злачынства. Менавіта 5 сакавіка 1940 года ўлады Савецкага Саюза прынялі так званую «катыньскую пастанову», якая і абумовіла расстрэл амаль 22 тысяч рэпрэсаваных грамадзян Польшчы. У катыньскіх магілах ляжаць прадстаўнікі розных рэлігій і культур. Сярод іх таксама асобы праваслаўнага веравызнання.

Фота: belarus2020.churchby.info

Учора на сайце Праваслаўнага ардынарыяту Войска польскага з’явілася паведамленне, што 18 сакавіка Сабор Епіскапаў Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне аб кананізацыі Катыньскіх пакутнікаў. Да ліку святых залічаны тры вайсковыя капеланы, забітыя НКВД увесну 1940 году: падпалкоўнік Сымон Фядоранка, падпалкоўнік Віктар Раманоўскі і маёр Уладзімір Ахаб. Першы быў расстраляны ў Катыньскім лесе, а два іншыя – ў Медным.

Святары былі добра знаёмыя многім праваслаўным беларусам. У міжваенны перыяд яны апекаваліся тысячамі праваслаўных жаўнераў польскага войска, большасць якіх складалі менавіта беларусы. Акрамя вышэйзгаданых капеланаў святымі абвешчаны іншыя святары і свецкія вернікі праваслаўнага веравызнання, якія сталі ахвярамі Катыньскага злачынства.