BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Польскі праязны дакумент як замена пашпарту

Да масавага наплыву беларусаў у Польшчу польскі праязны дакумент не быў тэмай для шырокіх дыскусій, так мала чалавек яго выкарыстоўвала.

Цяпер жа польскае міністэрства ўнутраных спраў дало спецыяльнае тлумачэнне. Дэ-факта польскі праязны дакумент (поўная назва – polski dokument podróży dla cudzoziemca) не толькі пра праезд і падарожжы.

Яшчэ нядаўна ў беларускіх пабліках разважалі ці абавязаныя ў Польшчы ведаць пра dokument podróży ў прынцыпе. Тэарэтычна абавязаныя і ў авіякампаніях, і пагатоў памежнікі. На практыцы высветлілася, што калі першыя са свежа прыбылых беларусы паспрабавалі паляцець з польскім праязным дакументам, іх не пусцілі на самалёт.

Як па мне, прадстаўнікі авіякампаніі проста перастрахаваліся. Плюс лянота высвятляць што да чаго – гэта ўжо тэма стаўлення да сваёй працы.

Я тады адразу падумаў, што неўзабаве беларусаў без нацыянальных пашпартоў стане тысячы, а з часам і дзясяткі тысяч. І што будзе?

Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы тлумачыць:

«Беларусы могуць карыстацца польскім праязным дакументам у якасці дакументу, які пацвярджае іх асобу ў:

– адміністрацыйных органах;

– у банках;

– падчас перасячэння мяжы;

– у іншых выпадках, калі трэба спраўдзіць іх асобу».

Я агучыў вытрымку з адказу польскага МУС на запыт арганізацыі «Цэнтр беларускай салідарнасці». Гэта яны актыўна працуюць з польскімі ўладамі, што да юрыдычных праблемаў беларусаў Польшчы.

Гугліце «Цэнтр беларускай салідарнасці», знайдзіце далучаны файл са сканам дакументу з МУС Польшчы за подпісам дырэктара Дэпартаменту міжнародных спраў і міграцыі Марыюша Багушэўскага. У дакуменце спасылкі на адпаведныя сітуацыі польскія законы. Паказвайце гэты скан у складаных спрэчных сітуацыях.

Шмат хто з беларусаў не ведае, што ў Польшчы трапятліва ставяцца да нумароў артыкулаў законаў.

Спрошчана кажучы, калі ваш польскі праязны дакумент без тлумачэнняў вяртаюць, вы агучваеце закон і нумар артыкулу, і просіце начальства, і справа хутчэй за ўсё зрушыць з месца.

З уласнага досведу ведаю, што беларусы часта не разумеюць як працуе дэмакратыя, прынамсі, у Польшчы. 

Не саромейцеся адстойваць свае правы. Інакш навошта дэмакратыя? 

Тым больш у планаванай новай Беларусі.

Гукавы файл:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя