Сёння пратэст працягваецца ў Варшаве, дзе некаторыя ўдзельнікі запалілі фаеры і палілі шыны. Вярнуўся ў польскую сталіцу і так званы «агра-абрамс» – інсталяцыя з купаў сена ў выглядзе танка. Не зважаючы на забарону, некаторыя фермеры прыехалі ў Варшаву на трактарах. Арганізатары пратэсту спадзяюцца пабачыць на вуліцах нават 100 тысяч ўдзельнікаў.

Перад канцылярыяй польскага прэм’ер-міністра быў відочны чорны дым, акрамя таго, фермеры спалілі труну, якая сімвалізавала ўпадак польскай сельскай гаспадаркі. Каля труны стаяла таблічка з надпісам «Фермер. Жыў 20 гадоў. Забіў яго Зялёны Лад». Фермеры Польшчы, як і іншых краін Еўразвязу, найперш патрабуюць адмены праграмы ЕЗ пад назвай «Зялёны Лад», якая ўводзіць жорсткія экалагічныя абмежаванні і абмежаванні ў выкарыстанні палёў. На Падляшшы фермеры сёння чарговы раз заблакавалі дарогу нумар 19 на ўчастку Беласток – Сямятычы. Блакада плануецца да вечару заўтрашняга дня.






