Як стала вядома выданню MOST, польскія перавозчыкі і фермэры падалі ў адміністрацыю гміны Тэрэспаль заяўку на правядзенне акцыі пратэсту на аўтадарозе № 68 у раёне Карошчына — гэта фактычна адзіная магістраль, па якой цяпер ідуць грузавыя перавозкі з Беларусі ў Польшчу.

Ілюстрацыйнае фота.
Цяпер на польска-беларускай мяжы дзейнічае ўсяго адзін пункт пропуску для грузавога транспарту — «Кукурыкі — Казловічы», ад яго аўтамабілі ідуць па 68-й трасе. На працягу месяца ўдзельнікі акцыі плануюць прапускаць па гэтай трасе па адным грузавіку за гадзіну. Дарогі, якія праходзяць побач, абмежаваныя для праезду аўтатранспарту агульнай вагой звыш 20 тон. Для беларускіх транспартных кампаній і польскіх кампаній з беларускім капіталам гэта можа азначаць страты ў сотні мільёнаў еўра, заявілі выданню прадстаўнікі галіны.
Пратэст плануюць пачаць а 8-й раніцы 26 лютага і працягнуць да 31 сакавіка ўключна, вынікае з заяўкі, накіраванай арганізатарамі акцыі пратэсту ва ўжонд Тэрэспаля (копія дакумента ёсць у рэдакцыі MOST). Арганізатары маюць намер вывесці на дарогу 10 седлавых цягачоў і 10 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, заяўленая колькасць удзельнікаў акцыі — «ад 10 чалавек да двух тысяч».





