BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цэнзуру, з якой некаторым цяжка развітацца

Вакол тэлеграм-канала “Беларусы ў Гданьску” разгарэўся скандал: адзін з арганізатараў чату заявіў, што чат можа знаходзіцца пад кантролем беларускіх сілавікоў. Увогуле, калі паглядзець на большасць тэлеграмных чатаў беларусаў у Польшчы, то складваецца ўражанне, што яны пад кантролем беларускіх сілавікоў. Пытанне ў тым, сілавікі гэтыя сапраўдныя, ці ў галовах адміністратараў чатаў.

Справа ў тым, што інфармацыя ў гэтых чатах жорстка цэнзуруецца. Практычна няма розніцы: ты знаходзішся ў бабруйскім чаце, які адмініструецца якім-небудзь чыноўнікам з райвыканкама, ці ў чаце беларусы польскага горада N. Усе пытанні звязаныя з палітыкай у гэтых чатах забароненыя. Абвесткі пра акцыі салідарнасці беларусаў выдаляюцца. А спрэчкі наконт моў спыняюцца на карысць расейскай. Ды што там палітыка, у адным з такіх чатаў увогуле ў правілах прапісана, што можна падаваць інфармацыю толькі з дзяржаўных беларускіх выданняў, а абвесткі з незалежных СМІ забароненыя.

Увогуле, калі цябе агортвае туга па несвабодзе ў Беларусі, то гэтыя тэлеграмныя чаты беларусы ў нейкім польскім горадзе акурат для цябе. Зайшоў туды  –  і нібыта на грамадскіх абмеркаваннях з чыноўнікамі пабываў. Нешта не тое сказаў  –  скажуць змоўкнуць, бо тут не дзеля гэтага сабраліся. Паўтарыў настойліва сваю думку  –  адправяць у бан. Так што, нічога дзіўнага вакол сітуацыі з чатам “Беларусы ў Гданьску” няма. Чамусьці падаецца, што падобны скандал – не апошні.

Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя