BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра цікавыя беларускія падзеі гэтага тыдня

У панядзелак у Берліне сольны акустычны канцэрт грае Піт Паўлаў. Тут чакае асаблівая сустрэча — з песнямі, гісторыямі, успамінамі і надзеяй. Спадар Піт абяцае выканаць і старыя хіты, і новыя песні, расказаць, як жывуць беларусы ва Украіне, Польшчы, Грузіі, Даніі, Літве, Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Нідерландах, Кіпры, а таксама што пішацца, спяваецца і марыцца сёння. Уваход вольны. Данаты артысту вітаюцца.

Да 3-га чэрвеня ў Варшаве працуе фотавыстава «Praz fotaplionku: štodzionnasc’ vajaroŭ». Аўтар здымкаў — Яўген Жураўскі з пазыўным «Салам», баец Палка Каліноўскага. З вясны 2023 года Яўген пачаў фатаграфаваць будні ваяроў на плёначны фотаапарат. Як кажа сам аўтар, ён проста хацеў зафіксаваць звычайныя будні, без пафасу і рамантызацыі вайны. Бо вайна — гэта найперш не баі, а навучанне і побыт у складаных умовах.

У Познані ў гэтыя дні ладзіцца выстава «ДОМ». «ДОМ» – гэта калекцыя ўпрыгожванняў, створаная беларускімі дызайнеркамі Настассяй Рагачовай (брэнд MOKASH) і Марыяй Рэзанавай (брэнд NATURREAMS). Гэта візуальнае разважанне аб пошуках свайго ўнутранага дома. Аб нашых каранях, доме, радзіме і сапраўдным, што на самой справе мае сэнс. Працуе падзея да 10 чэрвеня.

У чацвер у Варшаве – паказ фільма Мары Тамковіч “Пад шэрым небам”. Гэта гісторыя, натхнёная лёсам журналісткі Кацярыны Андрэевай, зняволенай за сваю працу.​ Беларусь, 2020 год. Працягваюцца пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, сфальсіфікаваных Лукашэнкам. Журналістка Лена асвятляе разгон мірнага пратэсту. Міліцэйскі беспілотнік адсочвае яе, але Лена працягвае весці рэпартаж і яе затрымліваюць. Яе муж Ілля робіць усё, каб выратаваць жонку, але ўлады маюць намер зламаць іх абодвух. Па сеансе адбудзецца размова з рэжысёркай Марай Тамковіч і дыстрыб’ютарам Гжэгажам Рыльскім. Уваход вольны. Трэба толькі пабраць бясплатныя квіткі ў касе кінатэатра.

Такія падзеі чакаюць нас бліжэйшым часам. Далучайцеся!

Беларускае Радыё Рацыя