BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пра дзейнасць Бібліятэкі і Музея Францішка Скарыны ў Лондане

Удзел у Варшаве ў канферэнцыі “Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, культурныя і гістарычныя сувязі”, Гуканне вясны, працяг навуковай і даследніцкай дзейнасці, папаўненне калекцый каштоўнымі прадметамі. Усё гэта пра бягучую дзейнасць працы Бібліятэкі і Музея Францішка Скарыны ў Лондане. Падрабязней распавёў наш сённяшні Госць Рацыі, сябра Рады Апекуноў Павел Шаўцоў у гутарцы з Алісай Поль.

РР: Чым на цяперашні момант жыве бібліятэка?

Бібліятэка, як заўсёды, мае шмат цікавых праектаў і падзей. Па-першае, мы сканчаем працу па музеях, мы ўжо адкрылі Мастацкі музей, развесілі нашу графіку. Таксама чакаем, нам адзін беларус з Лондана выкупіў маленькага Шагала, і хоча гэтага Шагала размясціць у нашым новым Мастацкім музеі. Мы пад яго зараз зрабілі нішы разам з іншымі мастацкімі творамі і мапамі з нашай калекцыі. У нас ёсць вельмі цікавыя мастацкія творы беларускай дыяспары. Гэта і Івонка Сурвіла, і Саўка Міхальскі, які жыў у Лондане, і Міхась Навумовіч, які жыў у Парыжы, і г. д. І мы хочам, каб беларусы бачылі гэтыя творы ўжывую, а таксама мы спрабуем зараз іх выкласці ў віртуальную прастору. У нас цяпер робіцца віртуальны музей, дзе людзі па-за межамі Лондану, Вялікабрытаніі могуць паглядзець на нашу мастацкую калекцыю.

Адначасова мы плануем адкрыць наш гістарычны музей, мо праз пару месяцаў, бо цяпер мы зрабілі прастору і замовілі мэблю для музея – спецыяльныя шафы, дзе будуць выстаўленыя нашы цікавосткі, нашы экзэмпляры па гісторыі Беларусі з канца дзевятнаццатага стагоддзя і да сучаснасці.  Вось гэта праца цяпер вядзецца цесляром. Як толькі праца скончыцца, прыедуць шафы, мы тады адкрыем урачыста абодва нашы музеі.

РР: Давайце падрабязней распавядзём пра гэты гістарычны музей, якая канцэпцыя, хто плануецца ў якасці наведвальнікаў і г.д.?

Канцэпцыя ў нас разбітая там на шэсць тэмаў, усе яны звязаныя з гісторыяй Беларусі з канца дзевятнаццатага стагоддзя. Вось пра беларускае адраджэнне пасля дваццатага стагоддзя і праз усё дваццатае стагоддзе і да пачатку дваццаць першага. І там нашыя цікавыя экзэмпляры выстаўленыя. Вось гэтыя беларускія мапы, як мянялася тэрыторыя Беларусі, як стваралася беларуская мова. У нас ёсць прыклады алфавіту беларускага, як “Наша ніва” спрабавала выдавацца і на кірыліцы, і на лацінцы. І прычым розная лацінка – больш польская, больш сучасная беларуская лацінка. Там не было нават аднолькавай лацінкі, калі “Наша ніва” друкавалася. У нас ёсць цікавосткі, якія паказваюць, як яна спрабавала па-рознаму выдавацца.

Рэпрэсіі, вядома, вось у нас ёсць кашуля вядомай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, у якой яна была ў сталінскім канцлагеры. Таксама рэчы Язэпа Германовіча, ён таксама быў у ГУЛАГу. Гэта будзе адлюстроўваць сталінскія рэпрэсіі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Сачыць за абвесткамі бягучых мерапрыемстваў можна, напрыклад, праз суполку ў фэйсбук пад назвай Francis Skaryna Belarusian Library and Museum in London.

Беларускае Радыё Рацыя

 Фота: kidify.co.uk