Прадпрымальнікі з Падляшша звяртаюцца да ўрада з просьбай адкрыць памежны пераход у Баброўніках.
Пра гэта гаварылі ў пятніцу на сустрэчы з міністрам унутраных спраў і адміністрацыі Томашам Сямонякам.
Яна была арганізаваная па ініцыятыве Кшыштафа Трускаляскага, дэпутата Сейма з Падляшша. Перш за ўсё гаворка ідзе пра магчымасць працягваць нармальна працаваць. Гаворка ішла пра тое, каб адкрыць хаця б адзін памежны пераход з Беларуссю на Падляшшы.
Парламентарый падкрэслівае, што рашэнні па перасячэнні мяжы з Беларуссю прымаць няпроста.
– Мы ведаем, што адбываецца за нашай усходняй мяжой і які міграцыйны ціск выкліканы дзеяннямі Лукашэнкі і Пуціна, але мы не можам, караючы нашых усходніх суседзяў, караць і нашых прадпрымальнікаў, – кажа Кшыштаф Трускаляскі.
Прадпрымальнікам абяцаюць разгледзець іх пытанне на ўзроўні ўрада.
Беларускае Радыё Рацыя