
Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве адправіў запыт у польскае Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі адносна таго, які статус мае польскі праязны дакумент. Яго вымушаныя атрымліваць многія беларусы, у якіх канчаецца тэрмін беларускага пашпарта, а атрымаць новы магчымасці няма.
Згодна з інтэрпрэтацыяй МУС, змешчанай у дакуменце, атрыманым кіраўніцай аддзела прававой дапамогі ЦБС, польскі праязны дакумент для замежніка з’яўляецца эквівалентам пашпарта, выдадзенага польскім грамадзянам. Гэты дакумент можа служыць не толькі для перасячэння мяжы, але і для пацвярджэння асобы яго ўладальніка.
Таксама ў сваёй інтэрпрэтацыі МУС адзначыла, што пры падачы заявы на часовы або пастаянны дазвол на жыхарства, а таксама дазвол на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕЗ іншаземец можа падаваць дзейны польскі праязны дакумент, калі ў яго няма магчымасці падаць свой беларускі пашпарт ці іншы праязны дакумент.
Беларусы могуць карыстацца польскім праязным дакументам у якасці дакумента, які пацвярджае іх асобу:
- у адміністрацыйных органах;
- банках;
- пры перасячэнні мяжы;
- у іншых выпадках, калі неабходна засведчыць іх асобу.
ЦБС падкрэслівае, што інтэрпрэтацыя, выкладзеная ў дакуменце — важны аргумент у спрэчных сітуацыях, і гэта мае істотнае значэнне для грамадзян Беларусі ў Польшчы. Тым самым моцна спрашчаецца жыццё многім беларусам у Польшчы, якія не могуць атрымаць або замяніць беларускі пашпарт.