BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пратэсты фермераў у Польшчы працягваюцца

Кіроўцам, якія сёння адпраўляюцца ў падарожжы, трэба ўзяць пад увагу, што па ўсёй Польшчы пратэстуючыя фермеры ізноў перакрыюць дарогі. У Падляшскім ваяводстве такія блокпасты можна будзе сустрэць у сямнаццаці месцах, у тым ліку на хуткаснай дарозе ў бок Варшавы.

Гэта ўжо другі раз, калі на польскія дарогі выедуць тысячы трактароў, якія цалкам перакрыюць некалькі маршрутаў у нашым рэгіёне. Блакады будуць, між іншым, у Аўгустове, Боцьках, Браньску, Карыцыне, Марыянове, Штабіне, Сухаволі, Войшках, а таксама на хуткаснай дарозе ў Ежэве Старым. У большасці населеных пунктаў пратэсты павінны пачацца ў 11.00 паводле польскага часу і працягнуцца да 16-ай гадзіны. Пратэсты прадугледжваюць поўную блакаду дарог.

У трох месцах пратэст можа працягнуцца значна даўжэй. Першае – гэта планавая блакада лакальнай дарогі з Аўгустова ў Граева, якая будзе доўжыцца да поўначы. У сваю чаргу, ажно на два дні фермеры перакрыюць ключавыя дарогі ў рэгіёне: хуткасную трасу з Беластоку на Варшаву і дарогу №19 з Беластоку на Сямятычы.

На наступным тыдні, 27 лютага, фермеры маюць намер цалкам заблакаваць Варшаву. Такім чынам яны выступаюць супраць прытоку аграхарчовых тавараў з Украіны і ставяць пад сумнеў правілы ЕЗ адносна “зялёнай дамовы”. Да польскіх фермераў далучацца фермеры з Нямеччыны і Францыі.

Беларускае Радыё Рацыя