Як правіла, грошы робяцца на чалавечых слабасцях. Жаднасць, хітрасць, бязпрынцыповасць – тое, што часта дапамагае праціўніку «пасадзіць на кручок» уладальніка гэтых якасцяў і на нейкі час зрабіць яго партнёрам. Часам чалавечыя слабасці агаляюцца па волі выпадку, хоць да таго знаходзіліся ў спячым рэжыме. Цяжкія жыццёвыя абставіны могуць іх разбудзіць. Адным з такіх абставінаў, агульным на трыццаць з невялікім мільёнаў жыхароў, з’яўляецца вайна ва Украіне. Сітуацыя перманентнага стрэсу і страху можа паставіць чалавека перад складаным выбарам, калі мозг губляе здольнасць паставіць дакладную мяжу паміж “нельга” і “можна”.

Тады і надыходзіць спрыяльны момант, каб вораг мог згуляць на слабасцях. На днях падчас масіраванай атакі на Чарнігаў расейцы скінулі з беспілотніка прапагандысцкія ўлёткі ў выглядзе 100-грывенных купюр. На іх па-ўкраінску было напісана: «Поділися координатами й допомагай наводити вогонь, отримаєш справжні”. Спецыялісты называюць гэта адным з элементаў псіхалагічнай вайны. На ўлётках намаляваны QR-код, які вядзе ў Telegram-канал, а адтуль – яшчэ некалькі перанакіраванняў. За тры з паловай гады вайны вораг добра адпрацаваў гэтую схему. У групе рызыкі – тыя, хто шукае лёгкага заробку і чые слабасці пераступілі мяжу маралі. Падчас блакады Чарнігава у 2022 годзе расейцы ўжо выкарыстоўвалі падобную тактыку: за грошы трэба было ставіць меткі на будынках, па якіх потым наносіліся ўдары.
Кошт «слабасці» – 500 грыўняў і чалавечыя жыцці. Дзікі, цынічны, агідны прэйскурант.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя






