Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка заснаваў з уласных сродкаў штогадоваю грашовую прэмію для найлепшага настаўніка беларускай мовы, літаратуры і гісторыі II Агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Гэтая ініцыятыва заклікана адзначыць высокі прафесіяналізм і адданасць педагогаў, якія на Падляшшы захоўваюць і папулярызуюць беларускую культуру і гісторыю. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал Кабінета.

Рашэнне аб кандыдаце на атрыманне ўзнагароды ў гэтым годзе прынята і будзе прымацца ў будучым кіраўніцтвам Гайнаўскага ліцэя. Плануецца, што ўзнагарода будзе ўручана Паўлам Латушкам пераможцу падчас урачыстай цырымоніі заканчэння навучальнага года 26 чэрвеня.
Дарэчы, па ініцыятыве Паўла Латушкі таксама заснавана грашовая ўзнагарода для пераможцаў Агульнапольскага фестывалю «Беларуская песня». Упершыню ўзнагарода была ўручана 13 лютага гэтага года, а атрымала яе таленавітая дзяўчына з Бельска-Падляшскага Вікторыя Гаць.






