Трэці раз украінцы адзначаюць Вялікдзень ва ўмовах поўнамаштабнай вайны. У розных рэгіёнах – дзе адносна спакойна; дзе пад штодзённымі абстрэламі, але з удакладненнем ад Паветраных сіл ЗСУ: ракетная небяспека, актыўнасць варожай тактычнай авіяцыі, “шахеды”, хуткасная цэль на пэўны горад; дзе некалькі месяцаў людзі жывуць з пачуццём, што іх горад вораг пакінуў у спакоі, але потым досвіткам «прылёт» з вялікай колькасцю загінуўшых мірных жыхароў.
Але ўсё ж такі адзначаюць, бо вераць у перамогу святла над цемрай.
Прымежная з Беларуссю і РФ вобласць – Чарнігаўская – штодня сцякае крывёю сваіх вёсак, сам горад перажыў моцны ракетны ўдар у красавіку. Тым не менш, на сённяшні дзень у вобласці налічваецца 336 парафій УПЦ Маскоўскага патрыярхата. У цэлым па Украіне на момант пачатку вайны дзейнічала 8782 царквы Маскоўскага патрыярхата, з якіх у ПЦУ (у 2019 годзе Сусветны Патрыярх Варфаламей падпісаў Томас аб аўтакефаліі) перайшлі 685 цэркваў.
Пры такой вялікай колькасці відавочна прарасейскіх цэркваў толькі 22 не прыхоўваюць у сваёй назве прыналежнасць да Маскоўскага патрыярхата. Астатнія, так бы мовіць, “і вашым, і нашым”. Чарнігаўскія журналісты апыталі жыхароў горада, чаму яны прыйшлі на велікодную імшу менавіта ў той ці іншы храм. Цікава, што прыхаджане ПЦУ маюць дакладную пазіцыю адносна сваёй прыналежнасці. Вайна расставіла ўсё па сваіх месцах: як можна наведваць храмы, звязаныя з краінай-агрэсарам, калі столькі святароў УПЦ (МП) былі выкрыты ў супрацоўніцтве з ворагам, а некаторыя нават аказваліся карэкціроўшчыкамі агню?
І, наадварот, вернікі храмаў УПЦ (МП) цвёрдай пазіцыі не маюць, а тлумачаць свой выбар альбо ўдалым месцазнаходжаннем (блізка да хаты), альбо шматгадовай традыцыяй (у гэтую царкву яшчэ мая бабуля хадзіла), альбо – якая розніца – мы ж да Бога прыйшлі. Вядома, ёсць і асобная катэгорыя вернікаў: людзі з высокім узроўнем веры і такім жа высокім узроўнем даверу да настаяцеля царквы, чые словы – адзіная ісціна. А гэта небяспечна, бо выключае магчымасць крытычнага мыслення.
І ніхто з гэтых вернікаў не задумваецца, чаму сярод капеланаў ВСУ няма ніводнага святара УПЦ (МП).
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя