BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Псеўдарашальнасць

Калі чалавек аказваецца перад выбарам, ён старанна ўзважвае ўсе “за” і “супраць”, аналізуючы не толькі сваё канчатковае рашэнне, але і яго магчымыя наступствы. Аднак перад пераважнай большасцю ўкраінцаў за час поўнамаштабнай вайны такі выбар не ўзнікаў: як нармальны грамадзянін сваёй Радзімы можа сумнявацца ў правільнасці ўласных дзеянняў? Незалежна ад таго, ці падтрымліваеш ты ўладу, ці крытыкуеш яе, калі гэтая ўлада абараняе нацыянальныя інтарэсы ў ваенны час, альтэрнатывы проста не існуе.

Фота: ukrinform.ua

Разбор палётаў будзе пасля. Альбо ты на баку ворага. Зусім іншае становішча ў праваслаўных іерархаў, якія спрабуюць сядзець на двух крэслах: УПЦ (МП), з аднаго боку, дэкларуе сябе як украінская царква, з іншага – дагэтуль застаецца ў складзе Свяшчэннага сінода РПЦ і прытрымліваецца яе статута. Нібыта “і дома, і замужам”. Хто з духавенства хацеў, той разам з парафіямі далучыўся да ПЦУ яшчэ на пачатку вайны. Хаця і зараз ёсць прыклады, дзе расце расчараванне сярод святароў УПЦ (МП) праз сувязі з РПЦ.

Адзін з іх – адкрыты ліст настаяцеля найбуйнейшага храмавага комплексу ў Чарнігаве да прадстаяцеля УПЦ (МП) Мітрапаліта Кіеўскага Ануфрыя. Сутнасць – заклік да рашучага разрыву з РПЦ: у кананічным парадку выйсці са Святога сінода і спынення падпарадкавання статуту РПЦ. Дарэчы, пробашч апякуе яшчэ адзін храм — царкву на гарадскіх могілках, якая была не толькі пашкоджана падчас расейскіх абстрэлаў, але і часова занятая акупантамі пры спробе наступлення на Кіеў. У лісце да Ануфрыя протаіерэй кажа, што яго храмы асацыююцца з Маскоўскім патрыярхатам, што выклікае «негатыўную рэакцыю ў грамадстве на фоне жорсткага тэрору з боку РФ»; дзеянні лідараў РПЦ называе «антыхрысціянскімі», а бункернага псіхапата – «прадвеснікам Антыхрыста».

Здавалася б, смелы крок, калі б не некалькі “але”: гаворка не ідзе аб далучэнні да кананічнай аўтакефальнай Праваслаўнай царквы Украіны; больш за два з паловай гады РФ раўняе з зямлёй ўкраінскія гарады, а ліст з’явіўся толькі цяпер; акрамя таго, украінскія рэлігіязнаўцы падкрэсліваюць, што гэты ліст-зварот не мае юрыдычнай сілы, а носіць толькі выключна прызыўна-рэкамендацыйны характар. Якімі б добрымі ні былі намеры, факт застаецца фактам: сёння УПЦ (МП) – філіял Маскоўскай патрыярхіі на прасторах Украіны. Выхад з падпарадкавання РПЦ ператварае УПЦ на некананічную рэлігійную структуру (Канстанцінопальскі патрыярхат прызнаў аўтакефалію ПЦУ, і па-за ёй не можа быць іншай аўтакефальнай царквы ва Украіне). 

Цікава, ці адрэагуе на ліст адрасат, бо перад ім стаіць складаны выбар паміж зручнымі хатнімі пантоплямі і cумленнем.

Ліза Ахроменка, Беарускае Радыё Рацыя