BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Падляшскі Сеймік заклікаў урад адкрыць мяжу з Беларуссю і дамагацца вызвалення Пачобута

Дэпутаты сейміка Падляшскага ваяводства прынялі заяву з заклікам да польскага ўрада аднавіць працу аднаго з аўтамабільных пераходаў на мяжы з Беларуссю.

Як адзначыў старшыня Сейміка і прадстаўнік PSL Цэзары Цеслюкоўскі, аднаўленне памежнага руху з Беларуссю неабходнае для падтрымкі эканомікі і насельніцтва рэгіёна:

-Склалася складаная сітуацыя ў сектарах транспарту, лагістыкі і аптовага гандлю.

З прапановай дадаць у заяву Сейміка пункт пра Анджэя Пачобута выступіў дэпутат Артур Касіцкі з апазіцыйнага клуба PiS. Яго папраўка была прынята як аўтаматычная:

-Сеймік Падляшскага ваяводства апелюе да ўраду пра прыняцце мер – палітычных і дыпламатычных – аб безумоўным вызваленні Анджэя Пачобута – журналіста і палітычнага вязня.

За заяву прагаласавалі 27 дэпутатаў, адзін устрымаўся, двое былі адсутныя. Ініцыятыва належыць клубу PSL (Польская сялянская партыя), што ўваходзіць у кіруючую кааліцыю ў ваяводстве разам з «Грамадзянскай кааліцыяй». У дакуменце Пачобут названы палітычным зняволеным, а польскі ўрад закліканы рабіць усё магчымае для яго вызвалення.

Цалкам гутарка:

* * *

Радныя падляшскага Сейміка заклікалі адкрыць адзін з памежных пераходаў з Беларуссю, якія месцяцца ў рэгіёне. Радныя адзначаюць, што гэта дапаможа развіццю рэгіёна, які пакутуе ад эканамічных наступстваў закрыцця мяжы. Заклік скіраваны да польскага ўраду, а рашэнне прынятае падчас пасяджэння Сейміка ў чацвер, 3 ліпеня.

Падляшскія аўтамабільныя памежныя пераходы з Беларуссю зачыненыя ўжо некалькі гадоў. Пераход Кузніца зачынілі ў лістападзе 2021 года пасля пачатку міграцыйнага крызісу. Пераход Баброўнікі зачынілі ў сакавіку 2023 года пасля вынясення прысуду актывісту Саюза палякаў у Беларусі, журналісту Анджэю Пачобуту. Не працуюць і турыстычныя пераходы ў Белавежы і Рудаўцы.

Радныя звяртаюць увагу, што ў сферы гандлю і мясцовага бізнесу колькасць кліентаў з Беларусі практычна знізілася да нуля, знізіліся абароты шматлікіх кампаній, мытных органаў, прадпрымальнікаў і так далей.

Беларускае Радыё Рацыя