Першы і адзіны пасля Другой сусветнай вайны афіцэр Войска Польскага, які быў затрыманы ў Беларусі, а затым у снежні 2015 года асуджаны на 8 гадоў. Правёў у вязніцы КДБ у Менску, сумнавядомай “амерыканцы” не цэлы год, бо быў памілаваны кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам і абменены на беларускага шпіёна, арыштаванага прыкладна ў той жа час у Польшчы.
“Госць Рацыі” – аўтар кнігі “Артыкул 358” Раман Ярмоцік, з якім пагутарыў Юрка Ляшчынскі:
РР: У нашай студыі аўтар кнігі “Артыкул 358”. “Артыкул 358” – гэта артыкул за шпіянаж.
– “Артыкул 358” – гэта артыкул за шпіянаж. Я трапіў у гэтую турму, мне сказалі, што будуць судзіць па гэтым артыкуле за агентурную дзейнасць
РР: Вы вайсковы перакладчык, але паехалі ў Беларусь у турыстычных мэтах.
– Усё так. Я скончыў ВНУ, вучыў расейскую мову, а пасля пайшоў у войска. Пасля былі паездкі ў Беларусь на спаборніцтвы, дзе нашы жаўнеры спаборнічалі з беларусамі, яны таксама да нас прыязджалі. Я быў перакладчыкам з польскай на расейскую, з расейскай на польскую.
РР: Як праходзіла ваша вандроўка ў Берасце, дзе вас затрымалі?
– На першы погляд нічога не ўказвала на тое, што адбудзецца арышт. Я пасяліўся ў гасцініцы “Інтурыст”. Мне дапамог адзін з беларускіх афіцэраў. Раніцай у дзверы пагрукалі афіцэры КДБ і сказалі, што я арыштаваны.
РР: Вы пішаце, што гэта было на другі дзень вашага прыбывання ў Берасці.
– Я спачатку падумаў, што гэта нейкія жарты. Апынулася, што гэта сур’ёзная справа, што я арыштаваны.
РР: Ці патрабавалася вам згода кіраўніцтва на атрыманне беларускай візы?
– Так, раней так было. Кіраўніцтва прадстаўлялася інфармацыя пра тое, што еду туды ці сюды. Шмат жаўнераў ездзіла адпачываць за мяжу, у Турцыю, Егіпет. Не было такога, што Беларусь нейкая іншая краіна. Такая інфармацыя прадстаўлялася і ўсё.
РР: Дазволу не трэба было атрымліваць?
– Не трэба.
РР: Вам маглі забараніць ці сказаць, што гэта можа быць небяспечна?
– Напэўна не праверылі.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Падзеі апісаныя ў кніжцы мелі месца ў 2015-16 гадах. Два месяцы пасля прысуду ў лютым 2016 года Раман Ярмоцік быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам і абменены на беларускага шпіёна арыштаванага ў Польшчы. Зараз спадар Раман Ярмоцік на пенсіі.
Больш дэталёва пра ўтрыманне ў “амерыканцы” – турме КДБ у Менску, умовы і пазнейшы абмен на беларускага шпіёна, слухайце ў нашай перадачы “Мы бачым” у нядзелю 18 лютага ў 18:05, у Польшчы на дзве гадзіны раней.
Беларускае Радыё Рацыя