BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Рамяство”

Здараецца, што незвычайнае і паважанае рамяство пры пэўных абставінах набывае новы, часта негатыўны сэнс. Ды даруюць мне паляўнічыя, якія мараць пра ўвекавечаны трафей, несучы рамесніку-таксідэрмісту тушку здабытай жывёлы, каб зрабіць чучала, але “ажыўленне” пасля смерці, мякка кажучы, на аматара. 

Фота: koda.gov.ua

Пэўнымі абставінамі для некаторых прадстаўнікоў гэтай рэдкай высокамастацкай прафесіі з ліку расейскіх акупантаў стала вайна. Але замест саломы, пілавіння ці сінтэтычных матэрыялаў яны сталі напаўняць мёртвыя целы жывёл… выбухоўкай. І скідаюць гэтыя “чучалы” з дронаў. Пра мэты такога глыбока інтэлектуальнага вынаходніцтва можна толькі здагадвацца.

Днямі па сетцы разышлося відэа: расейскія вайскоўцы дэманструюць “новы від мініравання”. На кадрах – мёртваму шэраму зайцу распаролі жывот, унутр паклалі выбухоўку, якую схавалі ва вантробах жывёлы, потым падлучылі дроты і прымацавалі да жорсткай рамы, каб потым скінуць з дрона. Магчыма, гэта робіцца ў якасці пасткі, каб ваенныя сабакі прывялі да зайца, які ўзарвецца. Або каб ўкраінскія байцы, абшукваючы тэрыторыю, не звярталі ўвагі на трупы жывёл. Хаця, пасля гэтага роліка будуць. Яшчэ як.

У першыя дні вайны на шматпакутнай Сумшчыне авіяцыя РФ скідвала дзіцячыя цацкі, начыненыя выбухоўкай, а дыверсанты – тэхнічныя гаджэты. А на Чарнігаўшчыне і зараз пасля пралёта беспілотніка на зямлю падаюць дроцікі для гульні ў дартс. Зразумела, замініраваныя. Украінцам даводзіцца змагацца не толькі з акупантамі, але і з ардой вычварэнцаў ў адным наборы. Страшная рэальнасць – гэта калі і прырода адаптуецца пад вайну паміж кіламетрамі выпаленай зямлі, штурмамі і сотнямі дронаў: на Тарэцкім кірунку байцы «Азава» знайшлі птушынае гняздо з оптавалакна. Перамога жыцця над смерцю.

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя