BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Расея абяцае памагчы Лукашэнку ў часе выбараў 2025

Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў заявіў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку спробаў дэстабілізацыі ў часе выбараў прэзідэнта ў 2025 годзе, калі Беларусь звернецца па такую дапамогу.

«Няма ніякіх падстаў меркаваць, што беларускім праваахоўнікам і спецслужбам спатрэбіцца дадатковая дапамога, як кажуць, „на зямлі“. Яны цудоўна выконваюць свае задачы. Але калі спатрэбіцца, Расея ў рамках сваіх абавязанняў, безумоўна, акажа дапамогу і падтрымку, па якія да нас звернецца найбліжэйшы хаўруснік і стратэгічны партнёр», — сказаў Барыс Грызлоў у інтэрв’ю расейскаму агенцтву «РИА Новости».

Паводле яго, цяпер Беларусь і Расея стала абменьваюцца інфармацыяй аб «любых патэнцыйных пагрозах». Барыс Грызлоў дадаў, што правакацыі магчымыя як напярэдадні, так і ў часе галасавання, пра што ўжо заяўляў Аляксандр Лукашэнка і сілавыя структуры Беларусі.

«Што тычыцца „беглых“, якія схаваліся ў сваіх гаспадароў у Польшчы, Латвіі і Літве, то лёс іхны надзвычай сумны… Яны не маюць ніякага ўплыву, прызнання і тым больш павагі. У іх расчараваліся іх жа ўласныя прыхільнікі, якія адкрыта прызнаюць, што дзейнасць апазіцыйных „кабінетаў“ і іншых фіктыўных структур не мае ніякіх вынікаў», — адзначыў расейскі амбасадар.

Барыс Грызлоў, як і Аляксандр Лукашэнка, лічыць, што дзейнасць беларускай апазіцыі за мяжой зводзіцца да «выпрошвання чарговых падачак» нібыта на падтрымку так званага «дэмакратычнага руху».

«Частка гэтых грошай асядае ў кішэнях „правадыроў апазіцыі“, рэшта марнуецца на іхныя бессэнсоўныя турнэ ў заходнія сталіцы, каб сфатаграфавацца побач з чарговым вядомым палітыкам, падпільнаваўшы яго ў буфеце. Гэта максімум, на што яны могуць разлічваць», — адзначыў Барыс Грызлоў.

Амбасадар Расеі асобна звярнуў увагу на «нездаровы інтарэс» заходніх краін да электаральных падзей у Беларусі і Расеі. Паводле яго, міжнародныя санкцыі толькі садзейнічалі інтэграцыі Беларусі з Расеяй, а сілавыя органы Беларусі пасля 2020 году «правялі каласальную работу» для папярэджання злачынстваў, звязаных з спробамі «захопу ўлады».

Беларускае Радыё Рацыя