Для аднаўлення электрычнасці ва Львоўскай вобласці спатрэбіцца 4 дні, паведамляюць мясцовыя паблікі. Нагадаем, учора, 7 лютага, уначы Расея ўпершыню нанесла ўдар па Заходнеўкраінскай электрападстанцыі у Львoўскай вобласці — найбуйнейшай у Еўропе. Украіна ўжо звярнулася да Польшчы па дапамогу для стабілізацыі энергасістэмы. А ў Кіеве сотні дамоў могуць застацца без ацяплення да канца зімы ў звязку з атакамі на Дарніцкую ТЭЦ.

Паводле ацэнак экспертаў Інстытута вывучэння вайны, удары па энергетычных аб’ектах ва Украіне маюць не толькі ваенную, але і псіхалагічную мэту. Расея спрабуе супрацьпаставіць грамадства ўкраінскаму кіраўніцтву і расхістаць сітуацыю знутры. Аднак мэты Расеі не дасягнулі поспехаў, лічыць валанцёрка Беларускага пункту нязломнасці, былая палітняволеная Ірына Шчасная:
– Большая частка людзей разумее, што гэта не віна Кіева, гэта віна Расеі. І людзі, канешне, расчараваныя, але яны разумеюць, што гэта вораг, што гэта зрабіла Расея. Дзяржава, наколькі я ведаю, наколькі я бачу, робіць усё, каб гэта аднавіць. Кожны дзень там брыгады з Чарнігава, з Чаркас, з Жытоміра, з’язджаюцца энергетыкі, і яны аднаўляюць гэтую інфраструктуру, але гэта будзе доўжыцца да канца сезона.
Ва Украіне энергетыку аднаўляюць літаральна «на жывых правадах»: частку сетак збіраюць з мабільных модульных падстанцый, прывезеных з розных краін і адаптуюць іх да ўкраінскіх рэалій непасрэдна на месцы. Энергетыкі называюць гэта не рамонтам, а пастаяннай інжынернай імправізацыяй ва ўмовах вайны.
Беларускае Радыё Рацыя






