BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Расея заатакуе краіны Балтыі напрыканцы бягучага года — прагназуе польскі генерал

Украіна не мае шанцаў на перамогу. Трэба скончыць вайну, падпісаць мір і даць сабе стратэгічную паўзу. Еўропа і ЗША атрымаюць час, але Крэмль мае яго пастаянна. У тыле будуе масавую армію. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю выданню «Інтэрыя» генерал Леон Камарніцкі, былы намеснік начальніка Генеральнага штаба Войска Польскага.

Здымак ілюстрацыйны

Генерал звяртае ўвагу на адрозненні ў баявых здольнасцях НАТА, дзе ў Еўропы-20%, а ў ЗША 80%. «У Еўропы няма сіл. Не выпадкова Дональд Трамп перасцерагае ад далейшай вайны, абапіраючыся на самыя дакладныя дадзеныя амерыканскай выведкі. Амерыканцы ведаюць, што адбываецца ў Расеі, якія яе далейшыя планы. Злучаныя Штаты ўсведамляюць, што не гатовыя да вайны з Масквой», – адзначае ён.

Таму, калі ўдасца дамовіцца аб перамір’і, то Еўропа і ЗША атрымаюць час, які Крэмль мае пастаянна і будуе масавую армію. «Калі мір не будзе заключаны, а раскол у НАТА працягнецца, Расея нападзе на краіны Балтыі. Гэта можа адбыцца ў канцы гэтага года або ў пачатку наступнага. Уварванне ў іх плане», – упэўнены генерал Камарніцкі.

Што ж тычыцца расейска-ўкраінскай вайны, то ў ёй Расея не прайграе, у яе ўсё яшчэ ёсць стратэгічная перавага ў паветранай прасторы. „Крэмль хоча свядома знішчаць украінскага салдата, а не захопліваць тэрыторыю. Трэба скончыць вайну, падпісаць мір і даць сабе стратэгічную паўзу, – кажа былы намеснік начальніка Генеральнага штаба Войска Польскага.