Збіццё расейскага самалёта А-50 не азначае, што расейцы будуць запускаць па Украіне менш ракет. Гэта адзначыў спікер ПС УСУ Юры Ігнат. Паводле яго слоў, паражэнне такога самалёта змяншае магчымасці радыёлакацыйнай выведкі акупантаў, аднак яны па-ранейшаму будуць планаваць удары, але ўжо не стануць падлятаць так блізка тымі ж А-50.

«Магчымасці расейскай авіяцыі змяншаюцца з тым, што знішчаецца спецтэхніка, знішчаецца лётны састаў», – сказаў Ігнат. Тым часам, Расея генеруе новыя сілы амаль эквівалентна бягучым стратам. Пра гэта піша амерыканскі ISW. На дадзены момант расейскія войскі падтрымліваюць наступальныя аперацыі нягледзячы на цяжкія страты, аднак незразумела, ці можа так працягвацца далей на больш высокім аператыўным роўні, бо гэта прывядзе да яшчэ большых страт.
Аналітыкі адзначаюць, што нягледзячы на праявы ініцыятывы на поле бою армія Расеі пакутуе ад мноства недахопаў, якія Украіна навучылася выкарыстоўваць, а сукупная эканамічная магутнасць саюзнікаў Украіны ў разы перавышае расейскую.
Беларускае Радыё Рацыя






