Расейскія войскі нанеслі ўдар па чыгуначным вакзале ў Шосткінскай абшчыне Сумскай вобласці, трапіўшы ў пасажырскі цягнік.

Пра гэта паведаміў кіраўнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Грыгораў.
«Вораг прыцэльна ўдарыў па грамадзянскай інфраструктуры — у пасажырскі цягнік Шостка–Кіеў. Ёсць пацярпелыя сярод пасажыраў», — паведаміў ён.
Паводле віцэ-прэм’ер-міністра па аднаўленні Украіны Аляксея Кулебы, удар быў нанесены двойчы.
«Першы выбух прыйшоўся на лакаматыў прыгараднага цягніка Церашчынская–Наваград-Северскі. Калі пачалася эвакуацыя людзей, вораг нанёс паўторны ўдар — на гэты раз па электравозе цягніка Кіеў–Шостка», — адзначыў чыноўнік.
Як паведамілі ў Укрзалізніцы, сярод пацярпелых — касірка цягніка і трое дзяцей.
«Нашай супрацоўніцы (касірцы прыгараднага цягніка) і пасажырам, сярод якіх трое дзяцей, аказваецца медыцынская дапамога ў шпіталях», — заявілі ў ведамстве.
Паводле апошніх дадзеных пракуратуры Сумскай вобласці, у выніку расейскай атакі беспілотнікаў па пасажырскіх цягніках у горадзе Шостка паранена не менш як восем чалавек.
Сярод пацярпелых — 44-гадовая жанчына і яе трое сыноў узростам 14, 11 і 7 гадоў.






