Ізноў распачынаюцца фестывалі з цыклу ” І ТАМ ЖЫВУЦЬ ЛЮДЗІ”! Гэта будзе ўжо 17-я эдыцыя фестываляў, арганізаваная Музеем і асяродкам беларускай культуры ў Гайнаўцы ў партнёрстве з навакольнымі гмінамі і дамамі культуры.

За апошнія 16 гадоў музей арганізаваў больш за 96 такіх фестываляў. Жыхары больш чым дзевяноста невялікіх мястэчак Падляшша правялі ўласнае свята з жывой беларускай музыкай, спевамі і танцамі. Фестывалі праходзяць у самых маленькіх і ўсё больш бязлюдных вёсках і мястэчках Беласточчыны.
Сёлета запланавана пяць фестываляў у пяці вёсках Гайнаўскага і Бельскага паветаў.
Першы фестываль гэтага года (97-ы па ліку) адбудзецца ў Спічках, што ў гміне Орля 8 чэрвеня 2025 года, у нядзелю — пачатак а 15:00.