Дырэктар праграмы імя Каліноўскага Ян Маліцкі паведаміў, што 19 снежня ў Казіміроўскім парку на яго напалі двое ў форме. Ён атрымаў сур’ёзныя траўмы, у тым ліку пералом чэрапа, і лічыць напад мэтанакіраваным. Наш Госць Рацыі — літоўскі палітолаг і праваабаронца, кіраўнік віленскага офіса арганізацыі Freedom House Віціс Юрконіс выказаў спадзеў, што справа дапаможа расследаваць выпадкі вандалізму супраць беларускіх аб’ектаў і у Вільні, а таксама ацаніў ступень бяспекі беларусаў у Літве і Польшчы:
РР: Як вы ацэньваеце сітуацыю з бяспекай беларусаў у Літве за апошнія месяцы? Наколькі захоўваецца дынаміка розных пагрозаў і нападаў? Гэта заціхае, застаецца на адным роўні ці назіраецца нешта новае?
— Я думаю, што збольшага сітуацыя застаецца адносна стабільнай. Мы бачылі шэраг правакацый. Тут, вядома, узнікае пытанне: хто быў выканаўцам і, яшчэ больш важна, хто быў замоўцам. Гэта не тое, каб новае ці выключна літоўскае з’ява, але зразумела, што такія дзеянні фарміруюць пэўны эмацыйны фон, які ўплывае як на ўспрыманне беларусаў, так і на іх самаадчуванне. Калі казаць пра тое, што было ў публічнай прасторы, то можна відавочна адзначыць, што гэта не толькі спроба запужаць беларусаў, але і спроба стварыць раскол паміж беларусамі і літоўцамі. Такія напады ці правакацыі рознага роду былі накіраваны і на літоўскіх палітыкаў, і на некаторых літоўскіх журналістаў. Мне здаецца, што гэта рабілася свядома, каб стварыць штучныя канфлікты ці заахвоціць спрэчкі вакол успрымання як саміх беларусаў, так і гісторыі ВКЛ. Што да дынамікі, то не відаць нейкай новай хвалі, але галоўнае, што літоўскія ўстановы завяршылі сваё расследаванне, вызначылі выканаўцаў і заказнікаў. Але вялікіх сумневаў, што ўсё вядзе ў Менск ці Крэмль, няма.
РР: А ці можаце вы агучыць асноўныя афіцыйныя вынікі расследавання? Хто ж усё ж такі стаў замоўцам і выканаўцам? І якія тут могуць быць высновы? Магчыма, ёсць некалькі версіяў?
— Вы ведаеце, як працуюць следчыя: нават агучванне версій часта шкодзіць расследаванню. Таму, акрамя нейкіх заяваў палітыкаў ці журналістаў, мы пакуль не бачылі канкрэтнай інфармацыі. Гэта зразумела, што вынікі будуць вядомыя, калі расследаванне завершыцца. Мы таксама можам згадаць напад на расейскага апазіцыянера Леаніда Волкава ў сакавіку мінулага года. Мы бачым, колькі часу можа заняць расследаванне. Напрыклад, у выпадку з Волкавым першая інфармацыя з’явілася праз тры-чатыры месяцы, і толькі праз паўгода справа набыла больш выразныя абрысы. Калі казаць пра поўнае расследаванне, меркаванне пракуратуры і гэтак далей, то, нягледзячы на тое, што былі і некаторыя расследаванні незалежных журналістаў, афіцыйнай версіі пакуль няма, хаця мінуў ужо год.
Што датычыцца гэтых нападаў, то яны крыху іншага характару, але я спадзяюся, што пэўныя эпізоды будуць раскрытыя. У Літве ж павінны быць камеры назірання і іншыя сродкі маніторынгу. Думаю, у гэтым годзе мы дакладна нешта даведаемся. Але ніхто не касаваў канечнасць асцярожнасці для саміх беларусаў. Нягледзячы на тое, што яны ўжо не ў Беларусі, а ў бяспечнай краіне, мы разумеем, што беларускі (лукашэнкаўскі – рэд.) рэжым застаецца актыўным. Мы бачым пастаянныя спробы дыскрэдытацыі дэмакратычных сіл і ўкаранення сваіх людзей.
Таму вельмі важна адрозніваць, хто ёсць хто, паводзіць сябе асцярожна і ўважліва ставіцца да любой сітуацыі. Асабліва калі з’яўляюцца новыя знаёмствы, якія ўзнікаюць раптам. Гэта ўсё застаецца надзвычай важным. Як кажа прыказка: сцеражонага Бог сцеражэ.
Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:
З “Госцем Рацыі”, літоўскім палітолагам і праваабаронцам, кіраўніком віленскага офіса арганізацыі Freedom House Віцісам Юрконісам, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя