BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Раз у ранку….» 80 гадоў таму на Бельшчыне

Пацыфікацыя беларускіх вёсак Залешаны, Зане, Шпакі ды Канцавізна і Волка Выганоўска, а таксама раcстрэл фурманаў-беларусаў, так званых вазакаў, – разам 81 загінулых – вынік крывавага рэйду «Бурага». Гэтыя падзеі мелі месца ад 29 студзеня па 2 лютага 1946 года.

Прыгадайма па чарзе:

28 студзеня, вёска Лазіцы (гміна Гайнаўка), ля Белавежскай пушчы.

Аддзелы ўзброенага падполля (Pogotowia Akcji Specjalnej Narodowego Zjednoczenia Wojskowego) пад камандваннем Рамуальда Райса псеўданім «Буры» рэквіруюць падводы і іх вазакоў, якія прыехалі па дрэва для сваіх вёсак.

Падводы, іх каля 30-ці, маюць вазіць узброеных «лясных».

29 студзеня падпаленыя хаты ў Залешанах (гміна Кляшчэлі). У адну хату сагнаныя жыхары вёскі, за якімі закрылі дзверы, хату падпалілі. Стралялі па ўцякаючых і па страсе. Загінула 16 жыхароў вёскі, дзеці, жанчыны, нават ненароджанае дзіця.

30 студзеня «лясныя» пераязджаюць праз Вольку Выганоўскую, (гміна Орля) падапальваюць некалькі будынкаў, падаюцца далей.

Краснае Сяло  (гміна Боцькі) – тут наступае частковы абмен вазакоў, католікаў адпускаюць, на іх месца бяруць праваслаўных)

31 студзеня непадалёк вёскі Пахалы Старэ (гміна Бранск) з  невядомых прычын аддзелы «Бурага» вырашылі пазбыцца вазакоў, якія іх везлі. І ўсіх, 31  праваслаўных мужчын, расстралялі непадалёк вёскі. Некалькі мужчын-католікаў адпусцілі, і забаранілі (пад пагрозай смерці) хаця бы словам успомніць, што і дзе бачылі. І сапраўды ніхто з ацалелых нічога не сказаў.

2 лютага. Аддзел узброенага падполля пад камандваннем «Бурага» раздзяліўся на 2 часткі.

Адна спацыфікавала вёску Зане (гміна Бранск)-24 ахвяр, другая Шпакі (гміна Вышкі)-5 ахвяр.

У Канцавізне  (гміна Сураж) таксама падпалы і адна ахвяра.

Далей і пазней аддзелы Бурага падаліся па-за беларуска-польскага этнічнага сумежжа ў тагачаснае Ольштынскае ваяводства, таксама не ашчаджаючы міран. Год пазней у Карпачы (горы Судэты) быў арыштаваны «Буры», які не прызнаўся пра злачынствы на беларусах, асабліва так званых «вазаках»,  але пра яго цэлы шэраг іншых злачынстваў былі сведчанні, а пацыфікацыі беларускіх вёсак-даказаны, таму быў ён прысуджаны і расстраляны ў 1949 годзе.

Дарэчы, суд над ім праходзіў у Беластоку ў будынку пазнейшага кіно «Тон».

Гэта кароткае апісанне падзеяў таго часу.

 Аднак пра гібель, ці наогул лёс больш 30 вазакоў, якія з падводамі ў Лазіцах  рэквіраваў Райс было невядома. Тыя, што засталіся ў Лазіцах, бачылі як рэквіраваў «Буры» падводы, там, дзе праязджалі таксама бачылі падводы і людзей,  сем’і загінуўшых шукалі сваіх родных, доўгі час, усё безвынікова… Бо што і дзе з імі сталася было доўгі час невядома. Бо тыя,  што ведалі праўду, хаця б і частковую – маўчалі.

Толькі амаль 50 гадоў пазней у 1994 годзе пачаліся высвятляцца спакваля факты. Часам выпадкова, і гэта праўда, ад размовы дзвюх жанчын, якія на адной залі прабывалі ў Бельскім шпіталі. Адна са Збуча, дачка загіналага вазака, другая з Кліхаў (вёска, куды ў 50-ыя гады былі звезеныя і пахаваныя, у безыменнай магіле астанкі памардаваных вазакоў), якая бачыла тое пахаванне.

У тым жа 1994 годзе ўзнік «Камітэт сем’яў забітых вазакоў».

«Камітэт сем’яў …» – гэта назва, якая не была  афіцыйнай. Хутчэй апісанне нефармальнай групы сем’яў ахвяр забойства ў Пухалах Старых, дзе ў 1946 між канцом студзеня і пачаткам лютага быў забіты 31 праваслаўны беларус, звычайныя сяляне з гайнаўскага і бельскага паветаў. Раней захопленыя аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Бурага і прымушаныя іх вазіць.

Адказнасць за гэтае злачынства нясе падраздзяленне Pogotowia Akcji Specjalnej Narodowego Zjednoczenia Wojskowego пад камандаваннем Рамуальда Райса, вядомага пад псеўданімам «Буры». Сем’і ахвяр гэтых злачынстваў у 1994 годзе стварылі нефармальны камітэт або групу падтрымкі, каб ушанаваць памяць сваіх блізкіх і запатрабаваць тлумачэння абставін злачынства і справядлівасці. І галоўнае, належнага пахавання ў годным месцы з называннем імён і прозвішчаў пастраляных  «вазакоў».

I з таго часу пачынаецца новы раздзел.

Яшчэ ў 1995 годзе Ваенны суд ІІІ Рэчыпаспалітай Польшчы абвергнуў прысуды з пасляваенных часоў у  дачыненні да жаўнераў узброенага падполля. Буры быў рэабілітаваны, а яго сям’я атрымала кампенсацыю.

Адначасова ідуць  пошукі астанкаў загінулых вазакоў,  а затым іх эксгумацыя з могілкаў у Кліхаў і астанкаў ля месца гібелі.

Мясцовыя ўлады, раённыя ў Бельску і ваяводскія ў Беластоку робяць усё, каб не дапусціць да годнага ўшанавання ахвяр польскага ўзброенага падполля, да чаго імкнецца «Камітэт сем’яў забітых вазакоў» пры падтрымцы беларускіх арганізацый  і Праваслаўнай царквы ў Польшчы.

А годнае ўшанаванне гэта – перапахаванне на Ваенныя могілкі ў Бельску Падляшскім. Адначасова пачынаецца і паўторнае судовае разбіральніцтва Інстытуту Нацыянальнай Памяці (ІПН) у справе Рамуальда Райса. 

Пракурор ІПН у паўторным следстве даказаў віну Райса і назваў яго дзеянні ў дачыненні да беларускага насельніцтва ў 1946 годзе «злачынствамі з прыкметамі генацыду».

Але пару год пазней знайшліся і «вернікі гераізму» таго ж «Бурага». У Гайнаўку з’язджаюць такія з цэлай Польшчы і пачынаюць (пераважна на зломе студзеня і лютага) ладзіцца штогадовыя маршы ў памяць «Выклятых жаўнераў» (Рамуальд Райс і яго падначаленыя – яны  між іншым)». Часта з лозунгамі «Буры, Буры  наш герой».

Сам ІПН пачынае сумнявацца ў ранейшым сваім прысудзе, пра злачынствы і прыкметы генацыду Райса.

У 2019 годзе Праваслаўная царква ў Польшчы ўводзіць ў лік святых царквы 31 «вазакоў», ахвяр «Бурага» падчас яго крывавых рэйдаў.

У 2021 годзе 8 чэрвеня дзеючы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўскладвае вянкі кветак, запальвае знічы  і моліцца ля крыжа пастаўленага  ахвярам «Бурага» ў вёсцы Залешаны, першай вёсцы яго рэйдаў па беларускіх вёсках у 1946 годзе. І гэта не толькі жэст.

Такім чынам найвышэйшая ўлада ў Польшчы аддае пашану грамадзянам свае краіны, ахвярам узброенага падполля.

Аднак па сёння сем’і загінулых «вазакоў» не атрымалі ад дзяржавы, сваёй дзяржавы, ніякіх кампенсацыі.

 Юрка Ляшчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Вікіпедыя і TVN 24

 *«Раз у ранку….»- першыя словы песні пра трагкдыю 1946 года ў Залешанах